ПК — 80 лет. Ветеран редакции Людмила Антоновна Климюк

Общество

Мілая людзям

Завяршаецца юбілейны, 80-ы, для нашай газеты год. На працягу яго на старонках «Пастаўскага краю» змешчаны шэраг публікацый, прысвечаных важкай даце. Як былы рэдактар лічу сваім абавязкам расказаць яшчэ пра аднаго ветэрана рэдакцыі. Праўда, не ведаю, прынясе гэта Людміле Антонаўне Клімюк хвіліны радасці або толькі растрывожыць, бо яна — чалавек надзвычайнай сціпласці. Ну а ў тым, што многія нашы наведвальнікі пазнаюць былога спецыяліста па рэкламе і з удзячнасцю ўспомняць яе карэктнасць, уважлівасць і добразычлівасць, ні кроплі не сумняваюся.

Вобразна кажучы, Людміла вырасла ў двары рэдакцыі (бацькоўскі дом знаходзіцца за некалькі метраў ад установы). Таму цалкам лагічна, што і працаваць яна прыйшла ў рэдакцыю, пасля заканчэння сярэдняй школы і курсаў — на сціплую пасаду машыністкі. Было гэта ў 1966 годзе. Увесь тэкст у газету праходзіў праз яе рукі. Аб’ём работы вялікі, творчыя людзі — з характарам. Трэба было ведаць нораў кожнага і мець вытрымку і цярпенне. Адны прыносілі ў маленькі кабінет, які машыністка падзяляла з бухгалтарам, і пакідалі для друкавання не зусім разборлівыя тэксты, іншыя, збіваючыся, нешта папраўляючы і мяняючы на хаду, надыктоўвалі. І кожнаму хацелася, ды і неабходна было, зрабіць гэта тэрмінова — патрабаваў цвёрды графік выхаду газеты. А колькі стрэ­саў перажыла Людміла падчас прыёму па радыёхвалі на звычайным транзістары афіцыйных матэрыялаў Беларускага тэлеграфнага агенцтва, абавязковых для размяшчэння на старонках газеты! То электрычнасць прападзе, то памехі ў эфіры, што не разабраць слоў. А недакладнасць дапусціць нельга. Прыхо­дзілася і познімі вечарамі чакаць, калі БЕЛТА перадасць важнае паведамленне.

Адным словам, клопатаў хапала. Але Людміла любіла сваю работу, абавязкі выконвала адказна. Ішоў час, мяняліся тэхналогіі, і ў 1998-м, калі рэдакцыя перайшла на камп’ютарны набор газетнага тэксту, прафесія машыністкі аказалася незапатрабаванай, паколькі журналісты сталі самі набіраць тэксты. Людміла Антонаўна таксама асвойвае новую тэхніку і назначаецца спецыялістам па рэкламе.

Мне заўсёды прыемна было бачыць, як цёпла прымала яна кожнага наведвальніка, даходліва тлумачыла, як найлепш падаць рэкламу, дапамагала скласці тэксты віншаванняў, падзяк, спачуванняў, тактоўна вырашала спрэчныя пытанні. У яе кабінеце заўсёды панавала аўра добразычлівасці. А акно круглы год патанала ў кветках, што не маглі не заўважаць і наведвальнікі. Некаторыя нават прасілі флянцаў. Ахвотна дзялілася, падказвала, як правільна дагля­даць кветкі. Дарэчы, іх шмат і ў кватэры жанчыны, а таксама на лесвічнай пляцоўцы.

Рэдакцыя жыла адной сям’ёй. Мы адкрывалі адно перад адным сэрцы, дзяліліся радасцямі і бедамі. Для Людмілы Антонаўны невыносна цяжкім стаў 2013 год, калі пасля цяжкай працяглай хваробы згасла жыццё яе любімай дачкі Ірыны, а менш чым праз месяц не стала і мужа. У тыя жудасныя дні, тыдні, месяцы знясіленую горам жанчыну было не пазнаць. Страціўшы родных, Людміла Антонаўна развіталася і з работай, якой аддала больш за 40 гадоў, — не было сіл. Але яна заўсёды жаданы госць у рэдакцыі, пастаянна цікавіцца справамі калектыву.

Амаль кожны дзень да матулі наведваецца сын Андрэй, які некалькі гадоў таму завяршыў міліцэйскую кар’еру і зараз працуе ў дзяржаб’яднанні «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна». Найвялікшая радасць Антонаўны — унукі Арцём, Ягор і Даніла. У Арцёма ўжо свая сям’я ў Мінску, падрастае сынок. Ягор вучыцца ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, Даніла — у ліцэі ў Гомелі. Кожнае лета прыяз­джаюць да бабулі ў госці, і тыя дні становяцца для яе святам.

Яе імя азначае «людзям мілая» і цалкам адпавядае ўладальніцы. Перажыта многае, але Людміла Антонаўна не азлобілася на ўвесь свет. Сілы і суцяшэнне яна знаходзіць у веры ў Бога і па-ранейшаму нясе ў сваім сэрцы толькі дабро.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.