История. Память. Примирение. Знакомимся с экспозицией поставского музея, посвящённой Первой мировой

Главное Общество

…23 мая 1916 года французскі лейтэнант Альфрэд Жубер зрабіў апошні запіс у сваім дзённіку: «Трэба быць вар’ятам, каб рабіць тое, што робіцца… Што за разня… Што за сцэны жаху і крывавай бойні! Я не магу знайсці слоў, каб перадаць свае ўражанні. Нават пекла не можа быць такім жудасным».  У гэты ці на наступны дзень 21-гадовы юнак быў забіты нямецкім снарадам.

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны прайшло стагоддзе. Апісаць маштаб тых страшэнных падзей сёння яшчэ больш складана. Красамоўней за любыя  словы — музейныя экспазіцыі, якія захавалі фотаздымкі, рэчы, дакументы таго часу. У Беларусі такіх налічваецца няшмат, у асноўным яны створаны ў гарадах, што ў 1915—1918 гг знаходзіліся на лініі фронту — у нашым райцэнтры, Вілейцы, Браславе, Мя­дзеле, Смаргоні, Баранавічах…

Аднак менавіта пастаўскую экспазіцыю спецыялісты называюць адной з найлепшых. Чаму?

На гэта пытанне адказала дырэктар Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка, якая спецыяльна для карэспандэнта «ПК» правяла экскурсію па залах экспазіцыі «Першая сусветная вайна на Пастаўшчыне». Яна дзейнічае з 2014 года ў падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў.

— Шматлікія экспанаты ў сховішчы нашага музея захоўваліся даўно, але прадставіць іх шырокаму колу наведвальнікаў папросту не было магчымасці, — расказвала Таццяна Гвідонаўна. —  Карэнным чынам сітуацыя змянілася з адкрыццём новых экспазіцыйных залаў. Падкрэслю, што ў дадзенай экспазіцыі няма ніводнага купленага прадмета. Мясцовыя жыхары самі прыносілі нам рэчы, знойдзеныя на тэрыторыі Пастаўшчыны.

Экспазіцыя размяшчаецца ў чатырох залах. У першай экскурсаводы расказваюць пра пачатак вайны, даюць агульныя звесткі. Другая і трэцяя стылізаваны пад рускі і нямецкі акопы, чацвёртая называецца «Жыццё і смерць». Над дызайнерскім афармленнем кожнай залы працаваў полацкі  спецыяліст Ігар Кужалаў.

Заходзім у першую залу. На стэндзе чытаю інфармацыю: «На тэрыторыю Пастаўскага раёна германскія войскі ўвайшлі [з боку Свянцян] у верасні 1915 года. Рускім войскам удалося адцясніць нямецкую кавалерыю да лініі Паставы—возера Нарач. Крыху пазней у выніку жорсткіх баёў рускія войскі занялі Паставы, але каля возера Задзеўскае сутыкнуліся з умацаванымі пазіцыямі германцаў. Позняя восень і хуткая зіма прымусілі ворагаў прыпыніць актыўныя баявыя дзеянні. Абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай абароны.

Фронт стабілізаваўся каля лініі возера Дрысвяты—Паставы—возера Нарач—Смаргонь—Пінск. Супрацьстаянне войскаў на тэрыторыі Беларусі расцягнулася амаль на тры гады».

Уважліва аглядаю залу. Першае, што кідаецца ў вочы, — калючы дрот уздоўж усёй сцяны. Ён зафіксаваны на абсмаленых слупах. Усё гэта арыгінальнае, векавой даўнасці.

Зусім не па сабе ад ілюстрацыйнага здымка — на дроце павісла цела загінулага салдата.

— На подступах да нямецкіх акопаў такі дрот быў нацягнуты радамі, — працягвала аповед Таццяна Гарошка. — Калі падчас наступлення рускія спрабавалі гэту перашкоду пераадолець, іх як касой касілі нямецкія кулямёты. Целы падалі на дрот, адкуль іх пазней здымалі санітарныя брыгады. У ходзе Нарацкай аперацыі па ўсім фронце з дроту знялі да 5 тысяч рускіх салдат. 

Звяртаюць на сябе ўвагу і іншыя экспанаты: фрагменты разарваных снарадаў,  сапёрная піла, нажніцы для пераразання калючага дроту, вінтоўкі, посуд,  прылады для рыцця акопаў… Таццяна Гвідонаўна звяртае ўвагу на шкляную пляшку салдата рускай арміі. Ёсць звесткі, што такія выпускалі на Гуцкім шклозаводзе.

Пераходзім у наступную залу — яна прысвечана салдатам рускай арміі.

Нядаўна ў ёй з’явіліся новыя каштоўныя знаходкі. У маі—ліпені мінулага года на тэрыторыі Пастаўскага раёна (паблізу вёсак Манькавічы, Дукі, Мажэйкі) працаваў 52-гі спецыялізаваны пошукавы батальён Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь.


Тады вайскоўцамі былі знойдзены астанкі 106 рускіх салдат і некалькіх нямецкіх. Імёны траіх удалося устанавіць адразу — яны захаваліся на кавалачках паперы, укладзеных у гільзы.


Сярод знойдзеных рэчаў таксама былі абразікі, нацельныя крыжыкі салдат, фрагменты абмундзіравання.

У ліку іншых экспанатаў у гэтай зале — пасведчанне аб узнагаро­джанні расійскага салдата Георгіеўскім крыжам, бебут — салдацкі кінжал ўзору 1907 года, жэтон рускага жаўнера, кавалак крыжа ратніка рускага войска і іншыя.

У суседняй, прысвечанай нямецкім салдатам, зале самыя каштоўныя экспанаты — нямецкія каска і тры пікельшлемы (іх для часовага экспанавання  перадаў у музей пастаўчанін Павел Курто, які даўно цікавіцца тэмай Першай сусветнай, ён жа знайшоў у полі і калючы дрот, які таксама перадаў музею).

Тут можна паглядзець на грошы часоў акупацыі, а таксама пашпарты, якія выдаваліся нямецкай ўладай жыхарам Лынтуп. Цікава, што гэтыя дакументы ўтрымліваюць не толькі даныя пра чалавека, але і адпячаткі яго пальцаў.

Здзіўляе і тое, як немцы падыходзілі да абуладкавання быту. У іх акопах былі мэбля, электрычныя ліхтары, а часам і дзвярныя званкі. У музейнай экспазіцыі можна ўбачыць жалезны ложак тых часоў, пераносную печку, бляшанкі з-пад кансерваў і нават канёк. У салдат, дарэчы, было шмат вольнага часу: баявыя дзеянні маглі не адбывацца месяцамі.  

Апошняя, чацвёртая, зала мае назву «Жыццё і смерць». У ёй, як і ў трох папярэдніх, шмат фатаграфій. На ўсіх іх — вайна ў самых розных яе праявах. Можна ўбачыць, якімі былі будні салдат, іх быт, акружэнне. Ёсць і ўнікальныя выявы Пастаўшчыны тых часоў, помнікаў, вайсковых пахаванняў… Са многіх партрэтных здымкаў на сучаснае пакаленне глядзяць удзельнікі Вялікай вайны, яе героі. Ці не кожны з іх варты асобнага артыкула.

Знакава, што побач з чорна-белымі фатаграфіямі ёсць і каляровыя. На іх адлюстравана дзейнасць пастаўскага валанцёрскага руху «Заходні рубеж», які ўжо на працягу чатырох гадоў аднаўляе памяць пра падзеі 1915—1918 гг.

Самую вялікую частку чацвёртай залы займае стэнд пад назвай «Яны ўдзельнічалі ў Першай сусветнай вайне». У ім прыведзены спіс ніжніх чыноў — ураджэнцаў Віленскай губерні, Вілейскага, Дзісненскага і Свянцянскага паветаў, якія ў тыя гады загінулі, былі параненыя і прапалі без вестак.

Напрыканцы экскурсіі дырэктар музея прапанавала пагля­дзець фільм «Вялікая вайна без рэтушы». Ён змяшчае мноства фотаздымкаў з архіваў ваеннаслужачых 22-й пяхотнай дывізіі, зробленых падчас Першай сусветнай. Многія з іх адлюстроўваюць падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Пастаўшчыны.

…За час існавання экспазіцыі яе паглядзелі тысячы наведвальнікаў з розных краін свету. Сярод іх былі і шматлікія ганаровыя госці, напрыклад Над­звычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канэс. Убачанае кранае сэрцы ўсіх незалежна ад полу, узросту ці пасады.

Таццяна Гарошка прыгадвае: адна з выпадковых наведвальніц расплакалася, калі разглядала нацельныя крыжыкі салдат. Сапраўды, некалі іх насілі з надзеяй на мір, на тое, што пекла пад назвай вайна некалі скончыцца. Маці чакалі вяртання сыноў дадому, маліліся за іх, штодня перажывалі. А ў выніку нават не даведаліся, дзе тыя назаўжды палеглі.

І тыя крыжыкі — маленькія сімвалы вялікай надзеі. Той, якой, на жаль, не было суджана апраўдацца…

Тэкст і фота Іны Сняжковай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.