Поставчанки Ангелина Томилина и Дарья Попова заняли первое место на конкурсе флористов «Лед. Цветы. Фантазия»

Важное Образование

Перамогу прынесла Прынцэса Крысільда

Пастаўчанкі Ангеліна Таміліна і Дар’я Папова адзначаны дыпломам за першае месца на традыцыйным конкурсе фларыстаў «Лёд. Кветкі. Фантазія», які праходзіў 4 снежня ў абласным Палацы дзяцей і моладзі.

Сёлета конкурс сабраў 39 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў і 15 педагогаў дадатковай адукацыі з васьмі раёнаў Прыдзвінскага краю і абласнога цэнтра. Школьнікі дэманстравалі свае ўменні ў складанні фларыстычных кампазіцый, іх настаўнікі стваралі мадэлі арыгінальных жаночых аксесуараў. І адным, і другім на гэта адводзілася паўтары гадзіны.

— Дзеці павінны былі зрабіць на месцы сімвал новага года — пацука, загатоўкі для якога прывезлі з дому, — расказвала кіраўнік аб’яднанняў па інтарэсах «Саламяныя фантазіі» і «Работа з прыродным матэрыялам» Пастаўскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Таццяна Дзегцярук. — У нас была Прынцэса Крысільда — гламурная паненка з валасамі і каронай на галаве, у шубе, ботах і спадніцы. Ідэя яе стварэння належыць гурткоўцам, і абмяркоўвалі ўсім калектывам, а ўвасаблялі ў жыццё Ангеліна з Дашай. Апошняя, напрыклад, вязала спадніцу з сітніка — ёсць такая балотная трава. Асаблівасць лялькі ў тым, што яна перадае дынаміку руху.

Прынцэса Крысільда спадабалася членам журы, якія аддалі ёй палову пальмы першынства (пастаўчанкі раздзялілі перамогу са школьніцамі з Бешанковічаў).

Па тэме

Па словах Таццяны Дзегцярук, гэты год багаты для яе і гурткоўцаў на розныя конкурсы і перамогі. Сярод апошніх — першыя месцы ў абласным этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу «Калядная зорка» і абласной акцыі «На добрую памяць», вынікі якіх падводзіліся ў лістападзе. Дарэчы, работу на «Калядную зорку» — саламянага павука — таксама выконвала Ангеліна. У названых аб’яднаннях па інтарэсах дзяўчынка займаецца ўжо 4 гады. Па ўласным жаданні амаль кожны дзень прыязджае на заняткі ў РЦДМ, каб зрабіць прыгожыя і арыгінальныя рэчы з прыродных матэрыялаў, з галавой акунуцца ў свет творчасці. Не адстае ад старэйшай сяброўкі і Даша, якая наведвае цэнтр дзяцей і моладзі на працягу 3 гадоў, а паралельна — яшчэ і школу мастацтваў імя А. Ромера. Сёлета яна заняла трэцяе месца ў раённым этапе «Каляднай зоркі».

Алена Шапавалава
Фота аўтара і Таццяны Дзегцярук



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.