Родные красноармейца Антона Филатова побывали в местах его захоронения и гибели, которые они искали почти 75 лет

75 лет Победы Главное

Памяць святкавала перамогу

У мінулую суботу месца пахавання і смерці чырвонаармейца Антона Філатава, які загінуў падчас Вялікай Айчыннай пры вызваленні нашага раёна, наведаў яго пляменнік Дзмітрый Філатаў. Магілу роднага дзядзькі ён шукаў усё жыццё.

Чырвонаармеец Антон Арцем’евіч Філатаў загінуў пры вызваленні Пастаўшчыны ў 1944-м. Пахаваны ў брацкай магіле ў Манькавічах. Увесь гэты час яго родныя не ведалі, дзе знайшоў вечны спачын дарагі ім чалавек. Аднак ніколі не страчвалі надзеі, што зной­дуць і паклоняцца магіле сваяка: верылі, спадзяваліся, шукалі. І вось амаль праз 75 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны людская памяць святкавала перамогу. Са свайго боку зрабіў магчымым трыумф памяці дырэктар СШ №2 Аляксандр Кузняцоў, які разам з вучнямі спачатку Юнькаўскай яслі-сад—базавай школы, а цяпер і пастаўскай №2 не ­адзін год прысвяціў пошукавай рабоце па ўстанаўленні імён воінаў, загінулых пры вызваленні нашага раёна.

У Паставы пляменнік Антона Філатава прыехаў разам са сваім унукам Мікітам з горада Пыць-Ях (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга, Расія). Падчас урока мужнасці, які адбыўся ў СШ №2, Дзмітрый Філатаў расказаў пра нялёгкія і працяглыя пошукі татавага брата.

Юрый Кісялёў уручыў гасцям сувеніры і запэўніў, што жыхары раёна шануюць светлую памяць пра вызваліцеляў.

— У нашых школах праводзіцца вялікая работа патрыятычнай накіраванасці. А пастаўская СШ №2 у гэтым сэнсе ўнікальная: у навучальнай установе дзейнічае музей, большая частка экспазіцый якога прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Упэўніцца, што гэта сапраўды так, Дзмітрый Іванавіч і яго ўнук-сямікласнік змаглі асабіста. Спецыяльна для іх цікавую экскурсію па музеі правяла яго стваральнік і кіраўнік Рэгіна Ластоўская.

Затым у суправаджэнні Юрыя Кісялёва і Аляксандра Кузняцова Філатавы накіраваліся ў Манькавічы, дзе ўсклалі да брацкай магілы вянкі і жывыя кветкі. Дзмітрый Іванавіч прывёз на месца пахавання зямлю з радзімы Антона Філатава. Яна ўзята з панадворка, дзе калісьці стаяла бацькоўская хата чырвонаармейца. Зараз на тым месцы, але ў новай хаце жыве сястра Дзмітрыя Філатава.

— Мой тата памёр у 1997 годзе. Я пакляўся яму, што калі знайду магілу яго брата, то абавязкова наведаю яе. Шкадую, што да гэтага светлага моманту не дажылі ні тата, ні мая бабуля, — усхвалявана гаварыў Дзмітрый Філатаў. — Стоячы ля абеліска, адчуваю гонар за свайго дзядзьку, за ўсіх воінаў-вызваліцеляў і беларускі народ увогуле, які і словам, і справай захоўвае памяць пра ахвяр вайны.

Наведала дэлегацыя і месца гібелі Антона Філатава. Тут таксама яго родныя ўсклалі кветкі, нізка пакланіліся, развеялі некалькі жмень прывезенай  зямлі.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.