Пачынаць было страшна
Супрацоўнік нядаўна адкрытага ў Паставах ламбарда расказаў пра асаблівасці работы ва ўстанове, паслугі якой аказаліся вельмі запатрабаванымі сярод пастаўчан.
— Многія не ведаюць, што такое ламбард, таму адносяцца насцярожана, — адзначыў Віталій Яноўскі ў пачатку размовы. — Але нямала і тых, хто пастаянна да нас звяртаецца і дзякуе за магчымасць «перахапіць грошай па-хуткаму». Гаспадар сеткі ламбардаў «Робін Гуд» адкрыў філіял у Паставах у тым ліку і таму, што дастаткова вялікая колькасць нашых гараджан звярталася ў аналагічныя ўстановы ў Глыбокім, Полацку, Наваполацку. І сапраўды, інтарэс да ламбарда з’явіўся з першых дзён адкрыцця. Прычым не толькі з боку мясцовых жыхароў. У выхадныя прыязджаюць кліенты і з суседніх раёнаў — Шаркаўшчынскага, Мядзельскага…
У ламбардах прываблівае магчымасць атрымаць «хуткія» грошы. Для гэтага дастаткова прад’явіць пашпарт ці пасведчанне на права жыхарства і пакінуць залог. У якасці яго прымаюцца ювелірныя залатыя вырабы, будаўнічы інструмент, спартыўны інвентар, бытавая, аўдыё- і відэатэхніка, іншыя рэчы, што былі ва ўжытку.
Сума выдадзеных наяўных грошай залежыць ад каштоўнасці залогу.
— Мая задача як спецыяліста — правільна ацаніць рэч, — расказваў суразмоўца. — Тут ёсць рызыка. Заўжды баюся прыняць падробленыя ювелірныя вырабы — часам за золата выдаюць «пустыя» сплавы металаў. Таму скажу шчыра: пачынаць працаваць было страшна, бо вялікая адказнасць за кожны выдадзены рубель. Цяпер, праз тры месяцы працы, адчуваю сябе больш упэўнена і нават атрымліваю задавальненне ад зносін з кліентамі.
Віталій адзначыў, што самы запатрабаваны сярод насельніцтва «крэдыт» — 50-100 рублёў. Пакінутыя ў залог рэчы кліенты часцей забіраюць, вярнуўшы пры гэтым узятую суму і невялікія працэнты за карыстанне імі. Калі грошы не ўносяцца, асабістая рэч чалавека аўтаматычна пераходзіць ва ўласнасць ламбарда, які яе прадасць і верне суму, што была выдадзена. Да кліента больш не будзе ніякіх прэтэнзій.