В фойе 1-го военного госпиталя ОПС РБ организовали благотворительную выставку-продажу новогодних сувениров

Общество

Фантазія на карысць дабрыні

Безліч станоўчых эмоцый у супрацоўнікаў і пацыентаў 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Беларусі выклікала выстава-продаж, якая з 13 па 18 снежня ўпрыгожвала фае лячэбнага корпуса.

Казачны куток быў створаны ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Ёлкі і мышкі розных мадыфікацый і тэхнік выканання (навагоднія дрэвы былі нават з макароны і ледзянцоў!), снегавікі, навагоднія кампазіцыі, шары, сняжынкі, алмазная вышыўка, вяночкі, размаляваныя раздзелачныя дошкі, цацкі… Абмінуць такую прыгажосць было немагчыма, і ўсе падоўгу затрымліваліся ля выставы, каб як след разглядзець вырабы, выкананыя з душой, прыцаніцца.

Ініцыятарам правядзення выставы-продажу выступіў жаночы савет шпіталя, у які ўваходзяць жонкі ваеннаслужачых шпіталя. А вось прынесці свае вырабы мог любы ахвотны.

— Выставу ладзім трэці год, і кожны раз яна выклікае ажыятаж: як толькі аб’яўляем, што стартуе продаж вырабаў (да гэтага імі можна толькі любавацца), іх імгненна разбіраюць. Так атрымалася і сёлета, — расказвала старшыня жаночага савета, загадчыца фізіятэрапеўтычнага аддзялення Тамара Януковіч. — Каб набыць рэч, якая спадабалася, неабходна самому ацаніць выраб, улічваючы арыгінальнасць ідэі, кошт матэрыялаў, час, затрачаны на яго стварэнне, а потым апусціць грошы ў спецыяльную скрыню.

Частка выручаных за гэта сродкаў пойдзе на навагоднія падарункі дзеткам з прытулку Сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна, другая — на паездку іх жа ў сталічны цырк. Разам з жаночым саветам ажыццявіць паездку дапамогуць прадстаўнікі ўсіх грамадскіх аб’яднанняў шпіталя.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.