Вальс, полька, кадриль… В последнюю субботу ноября в РДК прошел католический семейный бал

Духовность

Мовай танца ўзмацнілі пачуцці

У апошнюю суботу лістапада дамы ў прыгожых бальных сукенках, галантныя кавалеры ў белых кашулях з бабачкамі запоўнілі фае раённага Дома культуры. Тут праходзіў каталіцкі сямейны баль.

Яго арганізатарамі выступілі валанцёры пастаўскіх парафій, дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы», душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі.

— Фонд зарэгістраваны рашэннем Магілёўскага аблвыканкама ў 2009 годзе, — расказваў яго дырэктар Уладзіслаў Валаховіч. — Ён не з’яўляецца каталіцкім і не звязаны юрыдычна з Касцёлам. А вось многія нашы супрацоўнікі і валанцёры — католікі. Мы рознымі спосабамі змагаемся за кожнае зачатае жыццё і кожную сям’ю, якая перажывае крызіс. Актыўная работа праводзіцца на Віцебшчыне, дзе валанцёраў асабліва шмат. Сёлета фонд адзначае сваё 10-годдзе. Гэтаму маленькаму юбілею і пачатку Адвэнту — часу падрыхтоўкі да Божага Нараджэння — і прымеркаваны баль. Мы пастаянна некуды спяшаемся, не маем часу, каб шчыра пагаварыць, патрымаць жонку за руку, паглядзець ёй у вочы. І танец — найлепшая магчымасць для гэтага. Яго мовай можна ўзмацніць свае пачуцці.

На працягу двух месяцаў дзесяць сямейных пар з райцэнтра хадзілі на спецыяльныя майстар-класы, якія вяла балетмайстар Юлія Петухова. Развучвалі паланэз, вальс, польку-тройку, знаёміліся з бальным этыкетам.

Баль — гэта ўрачыстасць з адметным цырыманіялам. Традыцыйна адкрыў яго непаўторны паланэз, які бярэ пачатак з XVII стагоддзя і падкрэслівае ўзвышаны характар свята. Для правядзення такіх мерапрыемстваў раней заўсёды выбіралі прасторныя шыкоўныя залы, з трох бакоў акружаныя калонамі. Асвятляліся яны вялікімі люстрамі. Фае Дома культуры як найлепш адпавядае патрабаванням. Сёлета да пастаўчан далучыліся аматары танцаў з Бабруйска, Мінска, Смаргоні, Глыбокага — усяго 26 сямейных пар.

— Мне ўдвайне прыемна танцаваць у гэтай зале, — гаварыла Алена Валаховіч, — бо Паставы — мая малая радзіма. Цяпер жыву ў Магілёве. У балі прымае ўдзел і мая былая суседка Вікторыя Кірплюк. Нечаканая сустрэча стала прыемным сюрпрызам. Танцы — гэта цудоўна, яны аздараўліваюць сужэнскія адносіны. Тут галоўны — мужчына, ён вядзе даму, і яна адчувае сябе абароненай.

Адзін за адным мяняліся танцы, чаргаваліся з гульнямі. Вальс, полька, кадрыля… Словамі немагчыма перадаць атмасферу, якая панавала ў зале: урачыстасць, жыццярадас­насць, пяшчота, адзінства. Хочацца, каб каталіцкі сямейны баль з часам стаў візітнай карткай пастаўскіх парафій.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.