Армія навучыла галоўнаму
Пастаўчаніна Міхаіла Якаўлева спаткала ў райваенкамаце, калі той зайшоў удакладніць, якія дакументы неабходна сабраць на прысваенне афіцэрскага звання «лейтэнант запасу». Сустрэча нечаканая, але прыемная: летась падчас восеньскага прызыву размаўляла з хлопцам і фатаграфавала для газеты незадоўга да яго адпраўкі ў армію. Тады Міхаіл быў вельмі задаволены, што трапіў на службу ў элітныя войскі.
Год прамільгнуў, як адна хвіліна, і вось мы зноў размаўляем пра армію.
— Ці апраўдаліся чаканні? Чаму навучыла армейскае жыццё? — пытаюся.
— Усім застаўся задаволены. Зараз нават думаю пайсці служыць па кантракце, — адказваў Міхаіл Якаўлеў. — Асабіста мяне армія зрабіла больш дысцыплінаваным, яшчэ больш прывучыла да парадку, навучыла абараняць Радзіму і наладжваць зносіны ў калектыве.
Дома хлопца чакалі маці і дзяўчына: не абышлося без слёз радасці, абдымкаў і доўгіх размоў.
Да службы ў брыгадзе спецыяльнага прызначэння Міхаіл скончыў ВНУ, мае спецыяльнасць «Выкладчык англійскай і нямецкай мовы». Але пакуль што канчаткова не вызначыўся з месцам працы. Узахвоціўся падаць дакументы на прысваенне звання «лейтэнант запасу».
— Гэта званне ні да чога не абавязвае, прысвойваецца ў добраахвотным парадку, — тлумачыць намеснік ваеннага камісара — начальнік мабілізацыйнай групы Яўгеній Ванёнак. — І ў той жа час дае перавагу пры паступленні на службу па кантракце. У выпадку вайны ён будзе назначаны на афіцэрскую пасаду, тое самае датычыцца вучэбных і праверачных ваенных збораў.
Дарэчы, у райваенкамаце адзначаюць, што папулярнасць ваеннай службы расце. Так, падчас апошняга прызыву 11 юнакоў замест праходжання тэрміновай выбралі службу па кантракце. Гэта пры тым, што мінімальны тэрмін апошняй — 2 гады (тэрміновая, у залежнасці ад адукацыі прызыўніка, доўжыцца год ці паўтара). Рады ваеннаслужачых гэтай восенню папоўнілі і 5 пастаўчанак, якія зараз служаць па кантракце.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара