5 лет на страже памяти. Чем сегодня живёт волонтёрское движение, которому нет равных в Беларуси?

Важное Общество

Гаварыць – мала. Трэба дзейнічаць!

Вясной валанцёрскаму руху «Заходні рубеж» спаўняецца пяць гадоў. Увесь гэты час пастаўскія энтузіясты праводзяць каласальную работу па аднаўленні памяці пра Першую сусветную вайну.

Рух, роўнага якому ў Беларусі няма, пачаўся з ініцыятывы трох пастаўчан — Андрэя Мацура, Паўла Курто, Валянціна Жамойдзя. Андрэй, як сапраўдны яго лідар, неаднойчы быў у цэнтры ўвагі мясцовых і рэспубліканскіх СМІ, але не дзеля славы, а каб прыцягнуць максімальную ўвагу грамадскасці да тэмы. Наколькі гэта атрымліваецца зрабіць? Чым запомніўся сёлетні год пастаўскім валанцёрам? Гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт «ПК» адрасавала лідару руху.

Размову Андрэй Мацур пачаў з гісторыі, якая адбылася з ім у пазамінулым годзе і якая пакінула ў душы глыбокі след.

— Мне патэлефанавалі з Мінска і папрасілі сустрэць на Мя­дзельшчыне двух англічан, аднаго з іх звалі Адрыян Вічоч. Гасцей цікавіла лінія нямецкай абароны у час правядзення Нарацкай аперацыі 1916 года. Тады ў адным з баёў загінуў дзед Адрыяна. І ўнук спецыяльна прыехаў у Беларусь, каб ушанаваць памяць продка і прайсціся яго баявым шляхам. Праз перакладчыка я даведаўся, што дзед англічаніна — немец па нацыянальнасці — падчас вайны прыбыў на Усходні фронт з артылерыйскім палком. Пасля смерці ў перавязачным пункце ў вёсцы Макрыца на Мядзельшчыне ён быў пахаваны ў Шэметаве. З’ез­дзілі мы і туды, праўда, пазначанае на картах пахаванне знайсці не змаглі: любыя арыенціры сцірае не толькі час, але і людзі.

— Чаму дзед англічаніна Адрыяна Вічоча ваяваў на нямецкім баку? У Першую сусветную Германія з Англіяй былі ворагамі…

— Незадоўга да вайны ён ажаніўся з англічанкай, аднак з пачаткам Першай сусветнай дабравольна ўступіў у нямецкую армію — ідэя, патрыятызм для яго былі вышэй за сям’ю. Пры тым жонка ўжо была цяжарная. Гэта расказваў сам Адрыян, з якім мы перапісваліся больш за год. Сустрэча з ім чарговы раз пацвер­дзіла: усе пахаванні, якія ёсць на тэрыторыі Беларусі, — гэта культурна-гістарычная спадчына не толькі нашай краіны, але і ўсяго свету. Памяць пра тыя падзеі жыве ў сем’ях па ўсім свеце.

— Андрэй, чым сёлета займаліся валанцёры «Заходняга рубяжу»?

— Год пачалі з пошукаў пахавання каля ўжо неіснуючай вёскі Гарані ў Камайскім сельсавеце. Інфармацыя пра яго ёсць на старых польскіх картах. На жаль, самі могілкі не знайшлі. Але быў уражаны бетонным фартыфікацыйным збудаваннем, якое там захавалася. Хутчэй за ўсё, гэта быў назіральны пункт. Цікава, што непадалёк ад яго мы знайшлі жалезны ложак, які і праз сто гадоў складваецца і раскладваецца. На дрэве захаваўся кавалак калючага дроту — таксама часоў вайны.

 

— Раскажы, як адбываецца пошук пахавання?

— Спачатку працуем з картамі, іншымі крыніцамі інфармацыі. Гутарым з доўгажыхарамі. Прыехаўшы на прыблізнае месца пахавання, дастаём металічныя шчупы і пачынаем торкаць імі зямлю. Калі яны ўпіраюцца ў штосьці такое, што можа быць плітой, пачынаем капаць. У 90% выпадкаў знаходзім камяні. Але і надмагільных пліт такім чынам знайшлі нямала. Напрыклад, сёлета 5 новых знайшлі на пахаванні ля вёскі Пятроўшчына.

Бывае, проста шанцуе. Пару гадоў назад лінію акопаў у нашым раёне вывучаў вядомы беларускі даследчык Першай сусветнай Уладзімір Багданаў. У раёне вёскі Вілейты ён заўважыў, што вырванае з каранямі дрэва агаліла кавалак бетоннай пліты. Пачаў расчышчаць — і знайшоў яшчэ 20! Праз некаторы час вярнуліся туды з валанцёрамі і адкапалі яшчэ паўсотню. Важна, што пахаванне — а яно знахо­дзіцца на самай пагранпаласе — не было пашкоджана чорнымі капальнікамі. Пліты захаваліся ў адносна добрым стане. Зараз яно пад аховай дзяржавы. Ёсць планы апрацаваць іх спецыяльным хімічным растворам. Яго далі прадстаўнікі нямецкай будаўнічай кампаніі, якая выпускае матэрыялы для рэстаўрацыйных работ. З імі мы пазнаёміліся сёлета падчас суботніка на лынтупскім пахаванні.

— Якія знакавыя мерапрыемствы адбыліся ў 2019-м?

— Вельмі ганарова было прымаць на Пастаўшчыне ўдзельнікаў маштабнага аўтапрабегу — ён прайшоў у лістападзе. Напярэдадні мы ўстанавілі вялікі металічны крыж на нямецкім пахаванні ля возера Вялікае Світа. Вырабіў яго жыхар вёскі Жылінскія Андрэй Мурзіч. Увогуле ў нашага руху нямала памочнікаў. Наладжана цеснае і плённае супрацоўніцтва з раённай уладай, дапамагае і наш краязнаўчы музей, некаторыя грамадскія арганізацыі.

Аднак найперш разлічваем на свае сілы. Ёсць каманда адна­думцаў, адданых агульнай ідэі, за што я ім вельмі ўдзячны. Ехаць на той жа суботнік нікога не трэба ўгаворваць — усё вырашаецца па званку. Хаця папрацаваць трэба: капаць, насіць пліты, спілаваныя дрэвы, а гэта цяжкая фізічная праца.

Хачу падкрэсліць, што за работу нам ніхто не плаціць. Ніякіх каштоўнасцей мы не адкопваем і не прадаём. За 20 праведзеных суботнікаў знайшлі пару салдацкіх гузікаў. А людзі такога панагавораць — слухаць брыдка. Паўтаруся: мы займаемся гэтым выключна па клічы сэрца.

— Якія маеце планы надалей?

— Галоўная задача — падтрымліваць парадак на пахаваннях. Чакаем, што ў раён зноў прыедзе пошукавы батальён. Сярод асабістых планаў — знайсці спонсараў для выдання ўласнай кнігі «Век забвения. Записки на негативах». Яна ўжо гатовая да друку і змяшчае не толькі мае шматлікія фота­здымкі з экспедыцый па ўсёй 400-кіламетровай лініі фронту (яе я аб’ехаў тры разы), але і гістарычную даведку пра вайну і людзей, якія яе актыўна даследуюць.

— Апошняе пытанне: што падштурхнула цябе заняцца тэмай Першай сусветнай?

— Гэта адбылося выпадкова. Пасля адной з фотавыстаў у Мінску мяне пазнаёмілі з вядомым фотамастаком Сяргеем Качаргіным. Паколькі на Мядзельшчыне ў яго была дача, ён добра ведаў праблему напаўразбураных і забытых помнікаў Першай сусветнай вайны.

Тады Сяргей Мікалаевіч сказаў:

— Вы, моладзь, бярыце гэту тэму, развівайце, раскручвайце, цягніце адна за адной ніткі гісторыі. Як мага больш фатаграфуйце, бо ўжо праз пару дзесяцігоддзяў, акрамя здымкаў помнікаў, можа нічога не застацца.

У яго словах было столькі душэўнага болю, што яны запалі мне ў душу. У хуткім часе я паздымаў лінію фронту на Мядзельшчыне і думаў, што тэму для сябе закрыў. Але праз некаторы час вярнуўся: узнікла ідэя зрабіць вялікую фотавыставу, прысвечаную Першай сусветнай. Чым больш працаваў над ёй, тым лепш усведамляў, наколькі тыя падзеі маладаследаваныя.

Адкрыццё выставы «Нябачныя помнікі Вялікай вайны» адбылося ў Мінску ў 2014 годзе. Затым на адной з канферэнцый, куды мяне дэлегаваў раённы краязнаўчы музей, пазнаёміўся з самымі аўтарытэтнымі беларускімі даследчыкамі Першай сусветнай — Барысам Цітовічам, Уладзімірам Багданавым, Вячаславам Бандарэнкам і інш. У многім гэтыя выдатныя спецыялісты і падштурхнулі мяне да арганізацыі валанцёрскага руху. Я зразумеў: мала гаварыць пра тую вайну — трэба дзейнічаць, каб яе і так ужо ледзьве заўважны след не знік з твару зямлі. А гэта ўжо залежыць выключна ад нашых агульных дзеянняў.

Іна Сняжкова
Фота з архіва «Заходняга рубяжу»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.