Работа кіпіць і зімой
Бадай, толькі лянівыя не абмяркоўваюць сёлетнюю анамальна цёплую зіму і яе рэальныя і магчымыя негатыўныя наступствы. Але ёсць і тыя, хто такому надвор’ю не можа нарадавацца. Гэта будаўнікі. Каб выкарыстаць максімальна карысна кожны пагодлівы дзянёк, на аб’ектах у 6 гарадку райцэнтра работнікі ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» шчыруюць з 7 да 20 гадзін без выхадных.

Работа арганізавана вахтавым метадам — два дні праз два. На адной з будпляцовак у мікрараёне новай забудовы ўзводзіцца яслі-сад на 94 месцы. Да яго будаўніцтва прыступілі ў снежні 2019-га. За гэты час выкапаны катлаван, цалкам зманціраваны фундаментныя падушкі. Стоячы пасярод гор пяску і частковых абрысаў падмурка, застаецца толькі ўяўляць канструкцыю і прыгажосць будучай дашкольнай установы. Этажнасць яе будзе рознай: там, дзе размесціцца басейн, — аднапавярховай, нязначная частка — двухпавярховай, пераважная ж большасць плошчы садка будзе мець тры паверхі. Увянчае канструкцыю металічны дах чырвонага колеру.
— Матэрыяламі для заліўкі фундамента і плітамі перакрыцця забяспечаны на 100%. Камплектуемся на жалезабетонных заводах у Маладзечне і Наваполацку. Прастояў няма ні з-за адсутнасці матэрыялаў, ні з-за надвор’я. Лепшай зімы для нас і не прыдумаць, бо ў маразы прадукцыйнасць працы зніжаецца ў 2 разы, — праводзіў экскурсію па будпляцоўцы галоўны інжынер «Рассвета Пастаўскага» Славамір Кухальскі. — На аб’екце шчыруюць брыгады цесляроў-бетоншчыкаў (брыгадзір — Славамір Мукель) і цесляроў (Сяргей Дзіковіч). Кантралююць працэс маладыя, але вопытныя прарабы Аляксандр Ільін і Андрэй Драбовіч.


Адкрыцця сацыяльнага аб’екта даўно чакаюць многія бацькі. Пры ўмове стабільнага фінансавання іх надзеі спраўдзяцца ў кастрычніку бягучага года — на гэты месяц запланавана здача ясляў-сада. Пакуль жа замест дзіцячых галасоў тут ракочуць маторы будаўнічай тэхнікі. Каб паскорыць тэмпы работ, задзейнічаны 2 краны: вежавы і аўтамабільны. Іх у часовае карыстанне «рассветаўцам» дала кампанія-лідар на рынку арэнды будаўнічай грузапад’ёмнай тэхнікі ААТ «Упраўленне механізацыі №79» (Мінск). Ідзе мантаж сцен падвала і фундаментных блокаў, для ўмацавання фундамента ўкладваюцца сеткі з арматуры, МАЗ падвозіць будаўнічыя матэрыялы — адным словам, работа кіпіць.
Яшчэ больш хуткімі тэмпамі яна ідзе на будаўнічай пляцоўцы, размешчанай за 500 метраў ад гэтай. Тут, па вуліцы Зялёнай, 20 «А», неўзабаве «вырасце» 40-кватэрны жылы дом. Немагчыма нават сфакусіраваць аб’ектыў фотаапарата на якім-небудзь работніку — настолькі хутка і зладжана вядзецца кладка цэглы. Чуецца бясконцае «віра!» і «майна!». Так муляры падаюць каманду кранаўшчыку падняць альбо апусціць ёмістась з растворам. У прадаўжэнне «дыялогу» гучыць званок, які азначае: «Асцярожна, рухаецца кран!» Кладкай займаюцца 2 брыгады муляраў (брыгадзіры — Анатолій Волкаў і Уладзімір Дулінец). У планах — узводзіць паўтара паверха ў месяц. Разам з мулярамі на аб’екце завіхаюцца гідраізаліроўшчыкі і брыгада цесляроў-бетоншчыкаў (Юрый Мядзюха). Апошнія закладваюць маналітныя ўчасткі паміж плітамі. Курыруе аб’ект прараб Аляксандр Танана.
— Асаблівасць дома ў тым, што ён узводзіцца на месцы былога балота. Каб будынак не прасядаў, зроблена вытарфоўка грунту. Вывезена каля 8 тысяч кубоў чарназёму, а замест яго насыпаны грунт, — расказваў Славамір Кухальскі. — Адпаведна, адрозніваецца ад класічнага і падмурак дома: спачатку ўбілі каля 240 пяціметровых паль, па ім зроблены ростверк, вышэй зманціраваны фундаментныя блокі. Кладзём мінеральныя пліты для ўцяплення падвала і гідраізаляцыю. Вакол дома зроблены дрэнаж, праведзена каналізацыя і ўрэзаны водаправод. Да будаўніцтва прыступілі летась, у кастрычніку, здаць плануем у ліпені.
Генеральным падрадчыкам на абодвух аб’ектах з’яўляецца «Рассвет Пастаўскі», заказчыкам — упраўленне капітальнага будаўніцтва Пастаўскага раёна.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Добрый день, Дмитрий. Разместили статью о застройке в районе ул. Юбилейная — ул. Кляро СМОТРИТЕ ЗДЕСЬ
Спасибо за интересную статью. Очень бы хотелось увидеть на Вашем сайте проект плана многоквартирной жилой застройки в районе ул. Юбилейная — ул. Кляро. На сайте Поставского райисполкома написано, что сейчас проходит общественное обсуждение этого проекта. Сам проживаю в Молодечно и приехать к вам нет возможности. Очень хотелось бы увидеть проект!