«Секрет долголетия — доброта» — считает юбилярша Нина Ивановна Боровец

Общество

Сакрэт даўгалецця – дабрыня

Да Ніны Іванаўны Баравец завітала напярэдадні яе юбілею — у пачатку студзеня жанчыне споўнілася 90. Уяўляла, што ўбачу згорбленую сівую бабульку ў хустачцы. А сустрэла бадзёрую тэмпераментную жанчыну, са стройнай постаццю, вясёлымі іскрынкамі ў вачах.

— Жыццё не песціла з маленства, — пачала расказваць пра сябе. — У сям’і нас, дзяцей, было чацвёра: дзве сястры і два браты. Малодшаму споўнілася ўсяго 6 месяцаў, мне — 3 гады, калі памерла мама. Апекавалася над намі бабуля, якая старалася кампенсаваць недахоп матулінай ласкі і пяшчоты. Але якое дзяцінства без мамы? Прайшло яно ў працы, клопатах. Жылося неймаверна цяжка.

А якія жудасныя ўспаміны жанчыны звязаны з ваенным ліхалеццем! На той час сям’я жыла пад Мінскам. Успамінала, як праз вёску ішлі савецкія ваеннаслужачыя.

— Стомленыя, худыя, змучаныя смагай, яны ледзь перастаўлялі ногі, — вільгатнеюць вочы маёй субяседніцы. — Дарослыя варылі бульбу, шчаўе, ячмень, а мы, падлеткі, бралі вёдры з вадой і з такімі пачастункамі чакалі чарговай калоны. Салдаты на хаду перакусвалі, набіралі ваду ў біклажкі…  Вельмі страшна было, калі бамбілі Мінск (тыя ўзрывы і сёння ў вушах). Затое шчасце — бязмерным, калі даведаліся, што вайна закончылася.

Замуж Ніна выйшла ў Чашніцкі раён. Спачатку ўладкавалася на цагельны завод. Там было шмат ручной работы: лапатай кідалі гліну на транспарцёр, пераносілі гатовую цэглу. Няпроста было гадаваць дзяцей-пагодкаў. Спачатку нарадзіўся сын, дзве дачкі, двайняты (сын і дачка), праз 10 гадоў — сын.

— Бацька наш часта хварэў, таму асноўны цяжар па гаспадарцы клаўся на маміны плечы, — расказвала дачка Валянціна, у якой я і сустрэлася з Нінай Іванаўнай. — Мы стараліся ва ўсім дапамагаць: пасвілі кароў, збіралі маліну і прадавалі, дралі лазу, сушылі і здавалі ў магазін. Прадукты былі ўсе свае. Трымалі дзвюх кароў, таму хапала і малака, і масла, і тварагу. Прыбяжыш з вуліцы, нальеш малака з глінянага збана, адкроіш лусту чорнага хлеба — аб’ядзенне! На зіму ў вялікай бочцы квасілі капусту, салілі агуркі і памідоры. Да чаго ж смачныя каўбасы мама рабіла! Заплюшчу вочы — і бачу над печчу той шасток, на якім іх сушылі.

— Цяпер людзі жывуць як у раі, — уключаецца ў размову доўгажыхарка. — Васьмігадзінны рабочы дзень, выхадныя, водпуск па графіку. Нават кароў дояць робаты. Я працавала на свінаферме. Прымала апаросы ад 40 свінаматак, даглядала маленькіх парасят. Ад дома да фермы — некалькі кіламетраў, два дзесяцігоддзі іх пераадольвала пешшу. Атрымаўшы права на пенсію, яшчэ 8 гадоў не магла развітацца з работай.

Перабіраю стос Ганаровых грамат, падзяк маёй гераіні за добрасумленную працу ў саўгасе «Кашчынскі» Чашніцкага раёна. Яна, пераможца сацыялістычнага спаборніцтва розных гадоў, захоўвае іх як дарагія рэліквіі.

— Вяртаюся дадому, а тады ні паравога ацяплення, ні вады, ні каналізацыі, ні пральнай машыны не было, — працягвала. — На канапу не клалася, каб адпа­чыць, не прыслухоўвалася, дзе што ба­ліць, а закасвала рукавы і яшчэ гадзін колькі круцілася як вавёрка ў коле. Некаму бацькі дапамагалі, у каго муж наперад забягаў, каб аблегчыць жончыны клопаты, а мой больш хварэў, таму разлічвала толькі на свае сілы. Па 3 тоны бульбы ў калгасе накопвала, з гектара рвала лён, імкнулася зара­біць лішнюю капейку, каб паставіць на ногі шасцярых дзяцей.

18 гадоў назад аўдавела. Чацвёра дзяцей на той час жылі ў Паставах. Угаварылі маці перабрацца бліжэй да іх і купілі ў Грыдзьках домік. Ніна Іванаўна ўдзячная лёсу за найдаражэйшае багацце ў свеце — дзяцей, 12 унукаў і 13 праўнукаў. Перажыла і вялікую страту: ва ўросце 55 і 57 гадоў памерлі двайняты Лена і Пётр.

— Суцяшэнне мама знаходзіць у працы, — гаварыла дачка. — Бачылі б вы, які ў яе  парадак дома і каля яго! Шмат раблю я і ўнукі, але і яна не сядзіць без справы: градкі поле, можа не дачакацца нас і сама абкасіць траву каля плота. У мамы добрыя суседзі, таму яна хутка прыжылася на новым месцы. Уважлівы старшыня Юнькаўскага сельскага Савета Вячаслаў Врублеўскі. Пастаянна цікавіўся справамі былы дырэктар ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Юрый Борыс. Не адмаўляе ў дапамозе і цяперашні, Дзмітрый Гутар. Пра здароўе мамы клапоціцца загадчыца амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Наталля Гайдукова. Хоць вялікіх праблем са здароўем не мае, але часам кансультавацца даводзіцца. Увага і дабрыня доктара сілкуюць.

Ніна Іванаўна на зіму пераязджае ў добраўпарадкаваную кватэру да Валянціны. Палівае кветкі, мые посуд, дапамагае прыгатаваць абед, глядзіць перадачы па тэлебачанні. І чакае вясны, каб хутчэй вярнуцца ў Грыдзькі і ўзяцца за спрадвечную сялянскую справу — вырошчванне ўраджаю.

— Сакрэт мамінай прыгажосці — унутраная пазітыўная энергія, — сцвярджала дачка. — Яе перадае ўсім, з кім мае зносіны. 

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.