Пашана – найлепшым жывёлаводам
14 лютага ў канцэртнай зале «Віцебск» падзякавалі за працу найлепшым жывёлаводам вобласці.
Ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняла ўдзел і дэлегацыя нашага раёна. Узначальвалі яе першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Эдуард Януковіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Філімонаў.
— Мэта сходу — падзякаваць перадавікам за шчырую, сумленную працу, — расказваў Эдуард Януковіч. — Наш раён прадстаўлялі аператары машыннага даення Лілія Стрэльская і Вераніка Валодзька (ААТ «Хацілы-агра»), Алеся Федаронак (ААТ «Навасёлкі-Лучай»), Святлана Косінец (СП «Дунілавічы-агра»), Іна Тамко (СП «Ляхаўшчына-агра»), аператары па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы Іраіда Саўчук, Лія Карманава, Вера Квяткоўская, Кацярына Петрусевіч, Тамара Марозава з груздаўскага аддзялення АБП «Рассвет Пастаўскі», ААТ «Камайскі-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Кураполле-агра». А таксама галоўны заатэхнік ААТ «Навасёлкі-Лучай» Іван Кісель і галоўны ветурач раёна Андрэй Масцяніца.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў. Ён падкрэсліў, што ў жывёлагадоўлі Віцебшчыны занята каля 14 тысяч чалавек. На злёт запрасілі каля 500. Найлепшым былі ўручаны ўзнагароды.
— Ушанаванне найлепшых жывёлаводаў вобласці трэці год ініцыіруе Віцебскі абкам прафсаюза работнікаў АПК, — гаварыў Аляксей Філімонаў. — Прыемна, што сярод узнагароджаных і работнікі ферм Пастаўшчыны, якія з года ў год дабіваюцца высокіх надояў малака і прываг жывёлы. Так, Ганаровай граматы рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК удастоена аператар машыннага даення ААТ «Хацілы-агра» Лілія Стрэльская. За мінулы год ад кожнай каровы яна надаіла ў сярэднім 6 912 кілаграмаў малака. Лія Карманава — аператар па дарошчванні маладняку ААТ «Камайскі-агра» — атрымала грамату Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын». Сярэднясутачная прывага ў яе групе летась склала 841 грам. Гэта найлепшы паказчык па раёне.
Анна Анішкевіч