Упэўнена ішоў наперад і вёў за сабой іншых
20 гадоў мінула з дня гібелі ў аўтамабільнай катастрофе старшыні райвыканкама Васілія Васільевіча Чэпіка
Пастаўшчыне ён аддаў 12 найлепшых гадоў. Пачынаў у 1987-м першым сакратаром райкама партыі, затым з’яўляўся старшынёй раённага Савета дэпутатаў, а з 1994 года і да апошняга свайго дня — старшынёй раённага выканаўчага камітэта.
Васілій Чэпік быў адданым сынам Беларусі, таленавітым кіраўніком, умелым арганізатарам, актыўным грамадскім дзеячам — з’яўляўся дэпутатам раённага, абласнога, Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Шчыры і адкрыты чалавек, клапатлівы сем’янін, надзейны сябар.

Як несправядліва, калі дачасна абрываецца шлях найлепшых! Але на зямлі застаецца іх добры след, а светлыя ўспаміны жывуць у сэрцах не толькі родных людзей. Па просьбе рэдакцыі імі падзяліліся тыя, каму пашчасціла з ім працаваць ці проста ведаць.
Мікалай Горлач:
30 студзеня 2000 года. Марозны сонечны дзень. І раптам — чорная навіна: мне як першаму намесніку старшыні райвыканкама пазванілі з абласнога выканаўчага камітэта і паведамілі, што ў аўтамабільнай катастрофе загінуў Васілій Васільевіч Чэпік. Нават праз 20 гадоў цяжка пра тое ўспамінаць. У гэта немагчыма было паверыць! А як паведаміць пра трагедыю яго жонцы, дзецям?!
Пра самога Васілія Васільевіча ўспаміны толькі светлыя. Гэта найлепшы чалавек з усіх, разам з кім мне давялося працаваць. Адказны, ініцыятыўны, абавязковы. Калі паабяцае — абавязкова стрымае слова. Быў патрабавальны да кадраў, але даваў ім магчымасць праяўляць ініцыятыву, самастойна прымаць рашэнні.
Дэвізам Васілія Васільевіча было «прарвёмся!». І ён не баяўся ўваходзіць у «высокія» кабінеты, адстойваць свой пункт погляду, дабівацца таго, што патрабавалася раёну.

Аляксандр Кашырын:
У чацвер, 30 студзеня, невялічкая дэлегацыя нашага раёна пабывала на магіле Васілія Васільевіча Чэпіка на яго роднай Лепельшчыне. Паклалі кветкі, запалілі лампадку, пастаялі ў маркоце і задуменні. Для мяне гэты чалавек значыць вельмі многае. Па ім звяраю ўсё сваё жыццё, у складаных сітуацыях думаю: а як бы паступіў у дадзеным выпадку Васілій Васільевіч?
Узгадваю, як у 1988 годзе першы сакратар райкама партыі Васілій Чэпік прыйшоў на сустрэчу з педкалектывам пастаўскай СШ №2, у якой я ў той час настаўнічаў. Ён не ўказваў нам, як трэба вучыць дзяцей, а вёў адкрытую, шчырую размову, дзяліўся бачаннем перспектыў развіцця раёна, вялікую ўвагу звяртаў на неабходнасць добраўпарадкавання горада. А як адстойваў малочны завод, цяперашні «Ветразь», колькі зрабіў у раёне для развіцця сельскай гаспадаркі і прамысловасці, сацыяльнай сферы! Лічу, што Васілій Васільевіч пакінуў на Пастаўшчыне глыбокі след. І вельмі несправядліва, што да гэтага часу ў раёне няма ні мемарыяльнай дошкі ў гонар былога непераўзыдзенага па дзелавых якасцях кіраўніка і ні адна з вуліц або ўстаноў не названа яго імем.
Хачу яшчэ сказаць і пра тое, што Васілій Васільевіч заўсёды быў даступны ў зносінах, валодаў адметным пачуццём гумару. З ім цікава было працаваць і весела адпачываць.

Вера Мукель:
Я з вялікай павагай ставілася да Васілія Васільевіча і ўспамінаю яго толькі добрым словам. Ён — чалавек ад зямлі. Ведаў вытворчасць, эканоміку, цаніў людзей. Вельмі патрабавальны, але ў той жа час мог і добрую параду даць, і пахваліць за важкія набыткі. А яны ў нашым калгасе імя Суворава былі як на вытворчасці, так і ў сацыяльнай сферы. Па вопыт у Навасёлкі прыязджалі дэлегацыі з усёй Беларусі. Быў у нас і Прэзідэнт са сваёй камандай. І старшыня райвыканкама годна і ўпэўнена вёў сябе з высокапастаўленымі чыноўнікамі.
Напэўна, зусім невыпадкова праз 17 гадоў пасля трагічнай смерці Васілія Васільевіча раён узначаліў яго сын. Многія прыглядаліся: якім жа гаспадаром ён акажацца? На пасадзе тры гады, і гэты час паказаў, што Чэпік-малодшы пераняў ад бацькі найлепшыя рысы і з’яўляецца такім жа рупным гаспадаром, як ён. Пастаўшчына — у надзейных руках.
Валянцін Пашкевіч:
У наш калгас «Светлы шлях» (зараз — СП «Дунілавічы-агра») старшыня райвыканкама наведваўся часта. Я нават не заўсёды ведаў пра яго візіты. Васілій Васільевіч мог і без мяне праехаць па фермах, палях, сустрэцца і пагутарыць з людзьмі, даведацца, што іх хвалюе. Заўсёды прыслухоўваўся да меркаванняў не толькі старшыні, спецыялістаў, але і радавых працаўнікоў. Калі да яго звярталіся з просьбай, заўсёды ішоў насустрач людзям. Ён быў чалавекам слова і справы, адным з наймацнейшых кіраўнікоў не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.
Васілію Васільевічу быў усяго 51 год, калі абарвалася яго жыццё. Калі б лёс не распарадзіўся так трагічна, гэты настойлівы, мэтанакіраваны, неардынарны чалавек змог бы шмат зрабіць не толькі для Пастаўшчыны, але і для краіны. У яго былі вялікія перспектывы. Але і тое, што паспеў ажыццявіць, уражвае. Таму і жыве ўдзячная памяць.
Фаіна Касаткіна. Фота з архіва сям’і Чэпік