Белпочта ввела комиссию за оказание непрофильных услуг. Какие операции остались бесплатными?

Важное Общество

Камуналка – без камісіі, інтэрнэт – 60 капеек

З 1 студзеня РУП «Белпошта» ўвяла камісійны збор за аказанне няпрофільных паслуг. Цяпер за кожную такую аперацыю ў касах паштовых аддзяленняў бяруць камісію ў памеры 60 капеек. Як толькі пастаўчане пачалі масава аплачваць камунальныя, а разам з імі і іншыя паслугі, у рэдакцыю раённай газеты «пасыпаліся» тэлефонныя званкі з просьбай растлумачыць, за што ўсё ж такі трэба плаціць, а якія аперацыі засталіся бясплатнымі.

Разабрацца ў пытанні дапамагла намеснік начальніка рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Ірына Нікіфаровіч. Яна патлумачыла наступнае:

— З аднаго боку, новаўвядзенне прызначана спрыяць рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, якая прадугледжвае звядзенне да мінімуму абароту наяўных грошай. З другога — у аснову такога рашэння пакладзены прынцып эканамічнай мэтазгоднасці. Без дадатковай аплаты па-ранейшаму можна ўнесці плацяжы ў бюджэт, разлічыцца за стацыянарны тэлефон. Не бярэцца камісія і за аплату камунальных паслуг, паслуг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, перавод грошай на дабрачынныя рахункі. Ну і, вядома, за паслугі самой «Белпошты». Ад дадатковай платы вызвалены ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.

Да плацяжоў у бюджэт адносяцца падаткі, зборы, пошліны і штрафы. Аднак варта разумець, што плацяжы ў бюджэт — гэта не тое самае, што пералічэнне грошай на рахунак дзяржаўнай арганізацыі. Разгледзім некалькі прыкладаў у дачыненні да Дзярж­аўтаінспекцыі. Скажам, вам неабходна заплаціць дарожны падатак альбо пошліну на замену пашпарта. У аддзяленнях паштовай сувязі зрабіць гэта можна без камісіі. А вось за наклейку Белтэх­агляду на шкло аўтамабіля ці SMS-апавяшчэнне аб гатоўнасці вашага новага пашпарта давядзецца заплаціць. Камісія налічваецца за любы з пакетаў паслуг «Белтэлекама», за які разлічваецеся метадам унясення аванса. Калі  ж у вас заключаны дагавор па прынцыпе крэдытнай формы аплаты тэлефона і тэлебачання (у раёне такіх абанентаў каля 5%), то камісія не бярэцца. Справа ў тым, што ў гэтым выпадку адзіны параметр, па якім налічваецца агульная сума за паслугі «Белтэлекама», — нумар стацыянарнага тэлефона.

Што да аплаты папулярных паслуг, камісія за якія спаганяецца, то яны наступныя: аплата мабільнай сувязі, інтэрнэт-правайдараў, аператараў тэлебачання, ахоўнай сігналізацыі. Пры гэтым вам налічыцца па 60 капеек за кожны плацеж — незалежна ад таго, разлічваецеся вы наяўнымі грашыма ці банкаўскай картачкай. Напрыклад, вы прыйшлі на пошту аплаціць камуналку, газа- і электразабеспячэнне, тэхнічнае абслугоўванне дамафона, хатні тэлефон, прыватызацыю кватэры, харчаванне вашых дзяцей у дзіцячым садзе і школе, а таксама гурткі, якія яны там наведваюць, тэлебачанне ZALA, пакласці грошы на мабільнік. Камісію возьмуць за два апошнія плацяжы — гэта значыць, да выніковай сумы  даплюсуюць 1 рубель 20 капеек.

Не сакрэт, што асноўная катэгорыя нашых суайчыннікаў, па якіх «ударыла» камісія за плацяжы на пошце (а яшчэ раней — у банках), — пенсіянеры. Агульная сума атрымліваецца, здавалася б, не такая і вялікая, але не для гэтай катэгорыі насельніцтва. Пазбегнуць дадатковых расходаў кліенты «Белпошты» могуць пры аплаце паслуг праз плацёжна-даведачныя тэрміналы, устаноўленыя ва ўсіх паштовых аддзяленнях горада і ў Варапаеве. Калі баіцеся памыліцца ці проста не ўмееце ім карыстацца, не саромейцеся і клічце на дапамогу паштовага работніка. Тэрмінал прымае да аплаты як наяўныя грошы, так і банкаўскія картачкі.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.