Бліснулі талентамі гімназісты
Чым разбавіць шэрыя вучнёўскія будні? Якія яркія «фарбы» ў іх унесці, каб дзеці кожны дзень з радасцю ішлі ў навучальную ўстанову і атрымлівалі не толькі веды, але і ўсебакова развіваліся? Адказ на гэтыя пытанні ў Пастаўскай гімназіі знайшлі ў правядзенні «Фабрыкі талентаў».
Ужо на працягу трох гадоў у пачатку навучальнага года тут прапануюць вучням 5—8 класаў прадэманстраваць усім свае музычныя, харэаграфічныя і тэатральныя здольнасці. І гімназісты ахвотна адклікаюцца на такую прапанову, самі вырашаюць, чым будуць здзіўляць аднакласнікаў, настаўнікаў і бацькоў, самастойна рыхтуюць канцэртныя нумары.
Сёлета бліснуць талентамі пажадалі нават 9-класнікі, таму колькасць прадстаўленых да ўдзелу нумароў аказалася большай, чым у папярэднія гады. Іх агляд праводзілі на працягу дзвюх вучэбных чвэрцяў па намінацыях: «Музычнае мастацтва» (дзеці спявалі і гралі на розных музычных інструментах), «Танцавальнае мастацтва» (рыхтавалі танцы) і «Сцэнічнае мастацтва» (разыгрывалі невялікія пастаноўкі і чыталі па ролях вершаваныя і празаічныя творы). У кожнай намінацыі былі вызначаны найлепшыя, якія прынялі ўдзел у заключным гала-канцэрце 25 студзеня.
Нягледзячы на тое, што на сцэну ў той дзень выйшлі толькі пераможцы, астатнія ўдзельнікі «Фабрыкі талентаў» таксама атрымалі сваю «хвіліну славы»: намеснік дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце Святлана Жукоўская ўручыла ўсім памятныя дыпломы.
Алена Шапавалава. Фота аўтара