На Поставщине в социально опасном положении находится 69 несовершеннолетних из 37 семей

Общество

Калі бацькі не выконваюць сваіх абавязкаў

Чарговае пасяджэнне раённага каардынацыйнага савета пачалося з дэманстрацыі двух відэафільмаў, створаных на аснове рэальных фактаў, што адбыліся ў нашай краіне. Немагчыма было без слёз бачыць, як гінулі дзеці, засыпаныя пяском у кар’еры, заціснутыя на будоўлі бетоннай плітой, выпаўшы з акна шматпавярхоўкі, утапіўшыся ў вадаёме, задыхнуўшыся ў агні або ў выніку іншых трагічных здарэнняў.

Пагас экран, і ў зале павісла гнятлівая цішыня. «Каментарыі патрэбныя або і так усё зразумела?» — звярнуўся да прысутных старшыня савета Юрый Кісялёў.

Вядома ж, зразумела. Але сказаць, што запрошаныя на пасяджэнне грамадзяне адказна выконваюць бацькоўскія абавязкі і прымаюць усе захады да таго, каб стварыць сваім дзецям годныя ўмовы пражывання і засцерагчы іх ад няшчасных выпадкаў, нельга. Па стане на 1 студзеня бягучага года на Пастаўшчыне ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзіцца 69 непаўналетніх з 37 сем’яў. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч паведаміла, што за першыя 20 дзён студзеня члены каардынацыйнага савета пабывалі ў 56 сем’ях, у якіх выхоўваюцца 123 непаўналетнія. Выяўлена 85 парушэнняў, сярод якіх алкагольнае ап’яненне бацькоў, антысанітарыя, няправільная эксплуатацыя пячнога ацяплення і газавага абсталявання, адсутнасць кантролю за дзецьмі і інш. Усе факты разбіраліся на пасяджэнні савета. Бацькам (некаторым не ўпершыню) давялося па чарзе адказваць, чаму яны так нядбайна адносяцца да выканання сваіх абавязкаў.

Так, сям’я Д. з райцэнтра знаходзіцца ў полі зроку адпаведных службаў ужо 4 гады. У ёй чацвёра дзяцей-школьнікаў. Працуе толькі бацька. Маці ні на адным месцы работы не затрымалася, злоўжывае алкаголем. У кватэры антысанітарыя. Работнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правялі санапрацоўку пакояў, але ўсё дарэмна… Дзяўчынка-дзесяцікласніца пастаянна прапускае заняткі ў школе. Старэйшыя дзеці шукаюць магчымасць крыху зарабіць (памыць каму-небудзь машыну, разгрузіць рэчы і інш.), нават былі выпадкі папрашайніцтва. Немагчыма злічыць, колькі разоў наведваліся ў гэтую сям’ю прадстаўнікі школы, камісіі па справах непаўналетніх. Ушчувалі, пераконвалі, прасілі, патрабавалі, дапамагалі. Усё адбівалася як ад сценкі гарох. Дзеці па-ранейшаму застаюцца ў небяспечным становішчы. Калі Юрый Кісялёў на пасяджэнні савета запатрабаваў ад бацькоў тлумачэння, яны не мелі што сказаць у сваё апраўданне.Таму рашэнне было адзінагалосным: прызнаць, што дзеці з гэтай сям’і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і рыхтаваць дакументы ў суд на пазбаўленне маці і бацькі бацькоўскіх правоў.

У грамадзянкі Б. з Юнькаўскага сельсавета ўжо забіралі ў прытулак Сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна дзвюх дачушак, 2008 і 2016 гадоў нараджэння. І гэта «працверазіла» маці. Закадзіравалася, навяла парадак у хаце, не парушала працоўную дысцыпліну, наведвала дзяцей у прытулку. Пасля 6-месячнага знаходжання там іх вярнулі маці. Здавалася б, урок пайшоў на карысць. Жыві з дзеткамі і цешся імі, тым больш што і маральна, і матэрыяльна падтрымлівае свякроў. Вось яна і «парадавалася»: як сустрэла са спіртным Новы год, так і не спынілася да гэтага часу. Згубную звычку ахвотна раздзяляе з жанчынай яе сужыцель. Адназначна, дзеці зноў апынуцца ў прытулку. І цяжка прагназаваць, што бу­дзе з імі далей. Усё залежыць ад таго, ці дойдзе да розуму маці, ці не прамяняе назаўсёды сваіх крывіначак на алкаголь.

А вось гледзячы яшчэ на адну жанчыну, выкліканую на савет, я нават і не падумала б, што і яе дваім дзецям прыходзіцца нясоладка. Прыгожая прычоска, яркі макіяж, дарагое адзенне, некалькі залатых пярсцёнкаў, манікюр. Усё ёсць для годнага жыцця ў добраўпарадкаванай кватэры. А шчасця няма. Сям’я значыцца як нядобранадзейная. Маці не працуе, любіць прыкласціся да чаркі і пабавіць час з асацыяльнымі асобамі. Сям’ю матэрыяльна забяспечвае сужыцель жанчыны і рэгулярна «выхоўвае» яе. Скандалы адбываюцца ў тым ліку і ў прысутнасці дзяцей. І як гэта ўплывае на іх псіхіку?!

У 2019 годзе ў раёне 43 дзіцяці прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, 14 бацькоў пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да 15 дзяцей, 33 дзіцяці вернуты ў біялагічныя сем’і. 

Да сумлення нядбайных баць­коў у каторы ўжо раз спрабавалі дастукацца прадстаўнікі раённай улады, адукацыі, органаў аховы дзяцінства, міліцыі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Дзіву даешся: дзясяткі прадстаўнікоў суб’ектаў прафілактыкі б’юцца над тым, каб дзеці раслі ў бяспечных умовах, а людзі, якія далі ім жыццё, забываюцца на свае бацькоўскія абавязкі.

У пачатку студзеня прадстаўнікі органаў апекі і міліцыі забіралі з сям’і ў Камаях у прытулак траіх непаўналетніх. Думаеце, дзеці заліваліся слязамі? Не, яны радаваліся і казалі: «Дадому мы не вернемся!» Гэта ж да якой ступені адчаю трэба было давесці малых? І не каму-не­будзь, а роднай маці. І толькі ад яе залежыць, якім будзе іх далейшы жыццёвы шлях: у дзяржаўнай установе, апякунскай ці прыёмнай сям’і або яны вернуцца пад родны дах. Усім бацькам даюцца шансы не страціць у жыцці самае дарагое — дзяцей. Не скарыстацца імі — бесчалавечна.      

Фаіна Касаткіна
Фота  з адкрытых крыніц



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.