Найлепшы авіяінжынер служыць у Паставах
Летась Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь арганізавала конкурс прафесійнага майстэрства. Ён праходзіў на працягу ўсяго 2019 года, і ў ім удзельнічалі работнікі ведамства з усіх рэгіёнаў краіны. Пераможцаў вызначалі ў 16 намінацыях. Сярод найлепшых аказаўся і Віктар Жылевіч, які служыць у Дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установе «Авіяцыя» МНС Беларусі.
Урачыстае мерапрыемства, на якім падводзілі вынікі конкурсу, адбылося напрыканцы студзеня ў Мінску. Узнагароды ўручаў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. Былі адзначаны найлепшыя вадзіцель, вадалаз, ратаўнік, начальнік дзяжурнай змены, пілот, альпініст, малады спецыяліст… Маёр унутранай службы Віктар Жылевіч, які займае пасаду начальніка групы абслугоўвання верталётаў і авіярухавікоў, удастоены звання «Найлепшы авіяцыйны інжынер».

— На такі поспех я, безумоўна, не разлічваў, — прызнаўся Віктар. — Проста стараўся максімальна добра прайсці кожны этап конкурсу. Іх было два — тэарэтычны і практычны, дзе патрабавалася прадэманстраваць веданне авіяцыйнай тэхнікі. Рады, што ўсё атрымалася!
Віктар Жылевіч нарадзіўся і вырас у Браславе. Пасля школы паступіў у Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж. Дыплом гэтай установы атрымаў у 2011 годзе. У Паставы пераехаў праз год, калі ўладкаваўся ў Асобны авіяцыйны атрад органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь (неўзабаве ён увайшоў у склад «Авіяцыі» МНС). За 8 гадоў службы шчыра палюбіў наш горад і сваю работу.
— Не магу сказаць, што я з дзяцінства гарэў самалётамі ці верталётамі. Проста заўсёды любіў тэхніку ва ўсіх яе праявах, — працягваў Віктар Жылевіч. — Але ўдзячны лёсу за тое, што ён прывёў мяне менавіта ў авіяцыю. Тут адчуваю сябе на сваім месцы, мне падабаецца тое, чым займаюся. А гэта вельмі многа значыць у жыцці.
Іна Сняжкова
Фота з сайта www.mchs.gov.by