Народный хор ветеранов труда отметил свой 40-летний юбилей

Культура

Душой спяваюць ветэраны

Народны хор ветэранаў працы адзначыў сваё 40-годдзе

Ля вытокаў народнага хору ветэранаў стаяў Генадзій Шышкін

Ушаноўванне яго ўдзельнікаў адбылося ў мінулую нядзелю ў раённым Доме культуры. А нарадзіўся ён у 1980-м як хор ветэранаў вайны. Аматараў песні — былых франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў — аб’яднаў у самадзейны калектыў сапраўдны прафесіянал, самаадданы і мэтанакіраваны чалавек — маёр Генадзій Шышкін. Месцам прапіскі стаў гарнізонны афіцэрскі клуб. У станаўленне і развіццё хору немалы ўклад унесла і жонка яго кіраўніка — Валянціна Шышкіна, якая з’яўлялася салісткай і вядучай канцэртаў.

Прайшло ўсяго пяць гадоў з дня стварэння хору, як ён стаў лаўрэатам Усесаюзнага агляду самадзейных мастацкіх калектываў, прысвечанага 40-годдзю Перамогі. А ў 1988-м пастановай Міністэрства культуры БССР яму прысвоілі званне «народны», якое з гонарам носіць і сёння.

 Да 1996 года пастаўскі хор быў адзіным у Беларусі, удзельнікамі якога з’яўляліся толькі ветэраны вайны. Але па няўмольных законах быцця год за годам радзелі іх рады, і сёння не засталося ў жывых ніводнага. Нават 10 гадоў назад у хоры іх было ўсяго два: Аляксандр Аляксандравіч Антух і Аляксей Пятровіч Віклюк. Зараз самадзейны калектыў складаецца цалкам з ветэранаў працы. Змяніўся і яго кіраўнік. У 1999 годзе пасля выезду з Пастаў Генадзія Шышкіна творчую эстафету пераняў маёр у адстаўцы, былы ваенны дырыжор Павел Рагіня. Пад яго ўмелым кіраўніцтвам харысты годна працягваюць традыцыі сваіх папярэднікаў. Нельга не адзначыць як творчую асобу і акампаніятара Аляксея Конанава.

Зараз у хоры ўдзельнічае 20 чалавек. Адны спява­юць дзесяцігоддзямі, другія прыйшлі некалькі гадоў таму, трэція — зусім нядаўна. Немагчыма пералічыць прозвішчы ўсіх, але можна з упэўненасцю сказаць, што для кожнага хор стаў прыцягальным і дае сілы і натхненне. Людзі не зважаюць на гады, бытавыя клопаты, а то і нездароўе і спяшаюцца на рэпетыцыі і канцэрты, з’ядноўваюцца музыкай і песняй, атрымліваюць радасць.

— Адна ўдзельніца хору — Святлана Аліхвер — прыязджае на рэпетыцыі і канцэрты ажно з Ляхаўшчыны, — расказваў мне Павел Пятровіч Рагіня. — Яна не толькі таленавітая спявачка, але і добрыя вершы піша. Ды і ўсе нашы харысты — творчыя, адданыя справе, бясконца ўлюбёныя ў песню. Шчыра ўдзячны ім за актыўнасць, годную грамадзянскую пазіцыю. Мне прыемна працаваць з імі і бачыць вынікі нашай агульнай працы. Дзе б ні выступаў калектыў, гледачы прымаюць яго вельмі цёпла. Хор яднае людзей. Мы не толькі рэпеціруем і выступаем з канцэртамі, але і разам адзначаем святы, асабістыя юбілеі.

Спецыялісты падкрэсліваюць высокі выканальніцкі ўзровень хору. На свяце ён выканаў каля дзясятка песень — лірычных, патрыятычных, жартоўных. Кожную зала прымала дружнымі апладысментамі. У адрас юбіляра прагучала шмат віншаванняў. Найперш удзельнікаў хору вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік і ўручыў падзяку яго кіраўніку Паўлу Рагіню. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Чаплінская адзначыла:

— Ваш калектыў займае асаблівае месца ў культурнай палітры раёна і сваёй творчасцю ўносіць вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму Паўла Пятровіча Рагіні заўсёды застаецца сучасным, з’яўляецца прыкладам для іншых творчых калектываў раёна. Для вас характэрныя сабранасць, аптымізм і задор. Таму, нягледзячы на гады, вы заўсёды маладыя і прыгожыя. І надалей радуйце гледачоў сваімі песнямі!

З цёплымі словамі і падарункамі прыйшлі да віноўнікаў урачыстасці іх калегі па самадзейнай творчасці з узорнага і народных калектываў «Па­азер’е», «Вітанне», «Маладзіца», прадстаўнікі культуры, «Белай Русі», раённага савета ветэранаў, працоўных калектываў. Яшчэ больш расчуліла харыстаў віншаванне, якое зусім не прадугледжвалася сцэнарыем. Калі праграма завяршылася, на сцэну паднялася з кветкамі ў руках Тамара Самсонава — дачка былой удзельніцы хору, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Марыі Аляксандраўны Полех — і шчыра падзякавала за твор­часць кіраўніку і ўсім удзельнікам хору. Прысутныя ў зале стоячы апладысментамі віталі цудоўны калектыў-юбіляр.



Гавораць харысты:

Галіна Ермачкова: «Прыходзіш у клуб — і забываеш пра ўсё будзённае, бо апынаешся ў свеце музыкі і песні. Заўсёды з задавальненнем іду на рэпетыцыі і вельмі засмучаюся, калі па якой-небудзь прычыне даводзіцца яе прапусціць».

Таццяна Казакевіч: «На вялікі жаль, па стане здароўя сёлета я была вымушана пакінуць хор, якому аддала 20 гадоў, у тым ліку 10 з’яўлялася старшынёй клуба «Па­мяць». Зараз гэтыя абавязкі выконвае Марына Ніканава, якая прыйшла ў калектыў не так даўно. Яна не толькі арганізатар, але і мае цудоўны голас. А я нават на юбілейным канцэрце не змагла прысутнічаць. Але сувязей з калектывам не парываю і ведаю пра ўсе справы. Вось і з юбілеем хору былыя калегі павіншавалі, расказалі, як праходзіла святкаванне».

Уладзімір Стубайла: «Хору 40 гадоў, а я ў ім спяваю 20, больш за тое — некаторыя песні салірую, і мне гэта падабаецца. Прыйсці ў хор сагітаваў яго кіраўнік, а мой даўні сябар Павел Рагіня. Не ўяўляю свайго жыцця без рэпетыцый і выступленняў. Вельмі хацелася б бачыць у хоры больш мужчын. У многіх жа такія цудоўныя галасы! Чаму б не парадаваць імі гледачоў і не атрымаць задавальненне ад выступлення на сцэне самім? Аднак жа пасіўнічаюць. Вельмі шкада…»

Ганна Пылева: «Колькі сябе памятаю — столькі спяваю. У хор прыйшла ў 2004 годзе. Гэта такая аддушына! Рэпетыцыі праходзяць як адно імгненне. Павел Пятровіч умела падбірае рэпертуар. А якое вялікае цярпенне праяўляе, працуючы з намі! Ён не толькі таленавіты, але і добры, чулы чалавек, якога вельмі паважаем».



Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава і з архіва хору



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.