Камфорту больш, часу ў дарозе – менш
У пачатку года ўчастак г. Паставы філіяла «АТП №16» г. Глыбокае за ўласныя сродкі набыў новы аўтобус беларускай вытворчасці «Нёман 420234-511». Сёння ён пачаў курсіраваць па адным з самых запатрабаваных і прыбытковых маршрутаў — «Паставы—Вільнюс».
Гэты напрамак вельмі папулярны, прычым не толькі ў жыхароў Пастаўшчыны, але і ў замежнікаў. Білеты на маршрут нярэдка купляюць турысты, якія едуць у Вільнюскі міжнародны аэрапорт, або грамадзяне, што працуюць у Літве ці іншых краінах Еўрасаюза.

— Сярод нашых пасажыраў можна сустрэць немцаў, французаў, палякаў, прадстаўнікоў шэрага іншых краін, — расказваў начальнік участка г. Паставы філіяла «АТП №16» г. Глыбокае Сяргей Крыштафовіч. — Гэта дадае адказнасці: маршрут міжнародны, якасць паслуг павінна быць адпаведнай. Да таго ж жыхары Пастаўшчыны неаднаразова звярталіся да нас з просьбамі скараціць час у дарозе, вырашыць праблему адсутнасці багажнага аддзялення. Таму і было прынята рашэнне аб набыцці аўтобуса. Нашу ініцыятыву падтрымала кіраўніцтва АТП №16 г. Глыбокае, якому мы падпарадкоўваемся, і задуманае ўдалося рэалізаваць.
Як можна пісаць пра новы аўтобус, нават не пасядзеўшы ў ім? Такую мачымасць мне даў вадзіцель участка Павел Іжмайловіч. Ён працуе на вільнюскім маршруце, і менавіта яму і яго калегу Андрэю Кароткіну даверана новая тэхніка.
«Паставы–Вільнюс» – адзіны рэгулярны рэйс «Віцебскаблаўтатрансу», які звязвае Віцебшчыну з Прыбалтыкай.
— У салоне ёсць кандыцыянер, устаноўлена ТБ-сістэма. Сядзенні мяккія і камфортныя, — праводзіць «экскурсію» Павел Іжмайловіч. — Асабліва радуе наяўнасць вялікага багажнага аддзялення. Раней усе рэчы пасажыраў, у тым ліку чамаданы, буйнагабарытныя сумкі даводзілася размяшчаць на праходзе ці пад нагамі — самі разумееце, якія гэта нязручнасці. Яшчэ адзін плюс — павялічылася колькасць пасадачных месцаў: раней іх было 22, цяпер — 28. Скараціўся і час у дарозе: зараз аўтобус будзе прыязджаць у Вільнюс на 40 хвілін раней. Праўда, пры ўмове адсутнасці прэцэдэнтаў пры перасячэнні граніцы.
У пастаўскім участку нагадалі: аўтобус па маршруце «Паставы—Вільнюс» ходзіць штодня, у тым ліку ў выхадныя і святы (выключэнне — 1 студзеня). Адпраўленне ў 7.20. Кошт білета ў адзін бок — 19, 68 рубля. Тэлефон для даведак — 2-46-49.
Іна Сняжкова. Фота аўтара