Почти 200 журналистов со всей страны съехались в Минск на профсоюзный форум

Общество

Прафсаюзам справа да ўсяго

Форум пад назвай «Роля рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў развіцці сацыяльнага партнёрства» напрыканцы студзеня сабраў амаль 200 журналістаў з усёй рэспублікі, якія асвятляюць дзейнасць прафсаюзаў у сваіх рэгіёнах. У яго рабоце прыняла ўдзел і карэспандэнт «Пастаўскага краю» Анна Анішкевіч.

У камфортных умовах

Арганізатарамі форуму ў чацвёрты раз выступілі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі. Сёлета ён праходзіў на базе адной з найстарэйшых здраўніц Беларусі вышэйшай медыцынскай катэгорыі — санаторыя «Крыніца». Гэта сучасная ўстанова з найноўшым лячэбна-дыягнастычным абсталяваннем, комплексам фізкультурна-аздараўленчых пляцовак, пляжам. Тут выкарыстоўваюцца ўнікальныя методыкі лячэння на аснове мінеральных вод і сапрапелевай гразі возера Судобль. Спектр медыцынскіх паслуг шырокі: дыягностыка і лячэнне органаў страўнікава-кішачнага тракта, сардэчна-сасудзістай сістэмы, апорна-рухальнага апарату. Журналістаў размясцілі ў камфартабельных нумарах. Была магчымасць апрабаваць на сабе некаторыя працэдуры: мінеральна-жамчужныя ванны, масаж, гразевыя аплікацыі і іншае. Яны дапамагаюць павысіць жыццёвы тонус, зняць псіхаэмацыянальнае напружанне, правесці карэкцыю лішняй вагі.

Фота з сайта 1prof.by

З удзелам экспертаў

Праграма форуму была насычаная: круглыя сталы,
прэс-канферэнцыі, семінары, майстар-класы па павышэнні прафмайстэрства. Удзел у ім прымалі эксперты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, лідары прафсаюзаў аховы здароўя, адукацыі, транспарту і іншых галін, маркетолагі. На сустрэчу з журналістамі прыйшлі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда і міністр інфармацыі краіны Аляксандр Карлюкевіч. Мадэратарам мерапрыемства была намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч. Разглядаліся актуальныя пытанні: абноўлены Працоўны кодэкс, змены ўмоў выхаду на датэрміновую пенсію занятых на работах з асобымі ўмовамі працы, новаўвядзенні ў сістэме аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншыя.

У чацвёрты раз удзельнічала ў такім форуме. Кожны з іх карысны для штодзённай журналісцкай работы: абмяркоўваюцца надзённыя тэмы, тлумачэнні даюць кампетэнтныя спікеры.

Фота з сайта 1prof.by

Па ранейшых умовах

Бываючы ў працоўных калектывах, чую, як некаторыя работнікі цікавяцца нюансамі абноўленага Працоўнага кодэкса, іншымі зменамі ў заканадаўстве. У прыватнасці, на мінулым тыдні на дунілавіцкай ферме СП «Дунілавічы-агра» аператары машыннага даення паднялі пытанне выхаду на датэрміновую пенсію гэтай катэгорыі работнікаў.

Падрабязнае тлумачэнне з канкрэтнымі прыкладамі на форуме дала Алена Манкевіч. Так, да 2009 года занятыя на работах з асобымі ўмовамі працы мелі права на датэрміновую пенсію (яна выплачвалася з агульнай пенсійнай сістэмы краіны) і адначасова заставацца на сваім рабочым месцы. Аднак з увядзеннем прафесійнага пенсійнага страхавання на рахунку кожнага работніка сталі назапашвацца сродкі для выплаты пенсіі за кошт спецыяльных узносаў працадаўцаў. З 2009 года той, хто атрымаў права на датэрміновую пенсію ў сувязі з работай у асобых умовах, ужо павінен быў  пакінуць рабочае месца. Чалавеку, які адпрацаваў пасля 1 студзеня 2009 года менш за 10 гадоў і пры гэтым выпрацаваў неабходны стаж, захавалі права на датэрміновую пенсію на ранейшых умовах. А тыя, хто пасля 2009 года адпрацаваў на тым жа месцы звыш 10 гадоў, атрымаў права на пенсію, разлічаную па новых правілах. У сувязі з тым, што з моманту новаўвядзення прайшло мала часу, адлічэнні наймальнікаў (назапашаныя пенсійныя сродкі) атрымаліся нязначныя. Таму і «назапашаная» датэрміновая пенсія аказалася ў 10 разоў меншая. Як адзначыла Алена Манкевіч, у такую «пастку» трапілі амаль 20 тысяч чалавек, палова з іх занятыя ў сельскай гаспадарцы. Праблема закранула і работнікаў лёгкай прамысловасці, гарадскога транспарту, авіяцыі і іншых галін народнай гаспадаркі.

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі неаднаразова выступала за тое, каб падыходы да налічэння датэрміновай пенсіі былі перагледжаны і каб людзі, якія адпрацавалі многа гадоў у асобых умовах, атрымлівалі пенсію, як раней, і мелі права працаваць на тым жа рабочым месцы. Зацікаўленыя ў гэтым і наймальнікі, паколькі існуе недахоп кваліфікаваных кадраў. Голас прафсаюза нарэшце пачуты: Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ, згодна з якім работнікам, якія да 1 студзеня 2009 года адпрацавалі больш за палову неабходнага льготнага стажу ў асобых ўмовах, пенсія будзе налічвацца па-ранейшаму. Сёлета права на атрыманне пенсіі маюць жанчыны, якія дасягнулі 57 гадоў, мужчыны — 62. Льготныя пенсіі назначаюцца на 5 гадоў раней.

Фота з сайта 1prof.by

Надбаўкі дзеляць і прафсаюзы

З увядзеннем з бягучага года новай сістэмы аплаты працы ў бюджэтных арганізацыях у наймальніка расшырыліся магчымасці ў размеркаванні прэмій і даплат. Федэрацыя прафсаюзаў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны выступаюць за тое, каб гэтыя надбаўкі размяркоўваліся з ­удзелам старшынь прафсаюзных камітэтаў з мэтай прадухілення непаразуменняў у калектыве. Людзям трэба тлумачыць, што зрабіў канкрэтны чалавек і за што яму належаць дадатковыя выплаты. Міхаіл Орда таксама расказаў пра прававую абарону работнікаў, якую ажыццяўляюць прафсаюзныя юрысты. Засяродзіў увагу на стварэнні пярвічных прафарганізацый, асобна спыніўся на магчымым скарачэнні страхавога стажу жанчын, якія выхоўваюць 4 дзяцей, заклікаў больш пільна падыходзіць да захавання тэхнікі бяспекі.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч закрануў пытанне недахопу ў выданнях краіны крытычных матэрыялаў, гаварыў пра неабходнасць расшырэння праблемна-тэматычнай прасторы і аналітыкі, жанравай разнастайнасці. Мерапрыемства прадоўжылі майстар-класы па стварэнні спецпраектаў і рабоце ў сацыяльных сетках.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.