Поиск пропавших людей занимает особое место в работе сотрудников отдела внутренних дел

Безопасность

Знайсці жывымі

Асаблівае месца ў дзейнасці органаў унутраных спраў займае пошук грамадзян, якія прапалі.

На працягу мінулага года ў аддзел унутраных спраў райвыканкама паступіла больш за 40 такіх паведамленняў. Але няхай вас не палохае гэта лічба, бо асноўная іх колькасць пра тое, што чалавек своечасова не вярнуўся дадому, на званкі не адказвае або яго мабільны тэлефон
адключаны. У абсалютнай большасці такіх выпадкаў месцазнахо­джанне грамадзян міліцыянеры ўстанаўліваюць вельмі хутка.

Прывяду некалькі студзеньскіх фактаў бягучага года — за месяц паступіла 10 паведамленняў аб прапажы. Так, лынтупчанін занепакоіўся, калі яго сужыцелька на працягу гадзіны не вярнулася з магазіна, і пазваніў у міліцыю. Але яшчэ да прыезду яе супрацоўнікаў жанчына была дома. Аказалася, па дарозе з магазіна яна зайшла да сваёй сястры і крыху затрымалася ў яе. Перапалохаўся, што прапала жонка, і жыхар райцэнтра. Напярэдадні яны пасварыліся, і жанчына схавалася ў хляве. З прыездам міліцыі вярнулася ў дом. Тры паведамленні тычыліся прапажы нецвярозых грамадзян. Усе яны знойдзены ў знаёмых. А колькі нерваў згарэла ў бацькоў, якія не ведалі, куды дзеліся іх непаўналетнія дзеці! Тыя ж спакойна бавілі час у сяброўкі, не папярэ­дзіўшы пра гэта родных.

Актыўна ўдзельнічаюць у пошуку грамадзян работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Танана і Аляксандр Гутарі супрацоўнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Андрэй Палонік

Аднак маюць месца і сур’ёзныя, а то і трагічныя выпадкі. Вось і ў мінулым месяцы супрацоўнікам міліцыі і работнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях, раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах давялося праводзіць шэраг пошукавых мерапрыемстваў. Так, 25 студзеня ў аддзел міліцыі паступіла паведамленне пра тое, што грама­дзянін К. з вёскі Жалязоўшчына днём раней пайшоў з дома, магчыма, у лес і не вярнуўся. Першапачатковыя пошукавыя мерапрыемствы вынікаў не прынеслі.
26 студзеня пры прачэсванні сіламі асабовага складу аддзела ўнутраных спраў райвыканкама тэрыторыі, прылеглай да месца жыхарства грамадзяніна, яго, знясіленага, знайшоў прапаршчык міліцыі Андрэй Палонік. Пацярпеламу своечасова аказалі дапамогу, і пагроза жыццю мінула.

У выпадку прапажы чалавека дарагая кожная хвіліна, менавіта яна можа стаць рашаючай. Таму, калі такое здарыцца, неадкладна званіце ў райаддзел міліцыі па тэлефонах 4-10-02 або 102.

А вось у Бельках здарэнне завяршылася трагічна. З 12 па 20 студзеня вяліся пошукі вяскоўца, які днём 1 студзеня выйшаў з дома сваёй знаёмай і прапаў. Была праведзена вялізная работа па ўстанаўленні яго месцазнаходжання, аднак шансы знайсці жывым раставалі з кожным днём. 20 студзеня пры прачэсванні мясцовасці за вёскай Белькі прадстаўнікамі атрада «Авіяцыя» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях В. І. Тананой і А. В. Гутарам былі знойдзены рэчы, а затым і труп чалавека.

Працягваецца пошук 11 грама­дзян, якія прапалі з тэрыторыі раёна ў перыяд з 2001 па 2012 год. Большасць проста пайшлі з дома, і іх месцазнаходжанне да гэтага часу невядома. Прапажа чалавека — гэта заўсёды надзвычайнае здарэнне. Таму праваахоўнымі органамі разглядаюцца розныя версіі, не выключаючы злачынны замах на жыццё. Аднак практыка паказвае, што ў абсалютнай большасці прычыны простыя. Для нашага раёна найбольш характэрная прапажа людзей у лясах пры зборы грыбоў і ягад.

Андрэй Шадзько, начальнік штаба аддзела ўнутраных спраў райвыканкама
Фота Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.