Помогать людям в сложной жизненной ситуации — задача райорганизации Белорусского Общества Красного Креста

Общество

Дапаможам разам

Падстаўляць плячо людзям, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, — задача раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

— Але наша дзейнасць немагчымая без дапамогі добрых людзей, членаў працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна, — гаварыла старшыня раённай арганізацыі БТЧК Таццяна Шахава. — Штогод яны ахвяруюць аднаразовы гадавы ўзнос у памеры 1% ад сярэднямесячнай заработнай платы. Гэта можна зрабіць як шляхам пералічэння на разліковы рахунак у банку, так і наяўнымі грашыма, згодна з ведамасцю.

Раённая арганізацыя ўдзельнічае ва ўсіх гуманітарных праектах, акцыях. Сярод іх такія, як «Збяром дзяцей у школу» (к 1 верасня), «Ёлка жаданняў» (к Новаму году), «Белы рамонак» (прафілактыка тытунекурэння), «Клопат» (да Дня пажылых і інвалідаў). Сёлета віншавала мам нованароджаных, якія з’явіліся на свет першымі ў новым годзе. Сродкаў на ўсё гэта патрабуецца шмат, таму раённая арганізацыя БТЧК заўсёды рада любой спонсарскай дапамозе. У мінулым годзе яна паступіла ад нямецкага Чырвонага Крыжа: функцыянальныя ложкі, хадункі, мыліцы і іншыя сродкі рэабілітацыі для хірургічнага аддзялення Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Больш за 150 сямей летась атрымалі прадуктовыя наборы, адзенне, абутак, канцылярскія тавары, цацкі, сродкі гігіены. У зборы гуманітарнай дапамогі актыўна ўдзельнічаюць валанцёры. Дзякуючы спонсарскай дапамозе віцебскага ЗАТ «ЭлСі Вайкікі Рытэйл Бел» напярэдадні навучальнага года 28 дзяцей з 7 мнагадзетных і 4 малазабяспечаных сямей Варапаеўскага сельсавета атрымалі школьныя прылады і адзенне. Не абышлі ўвагай 2 сям’і, якія пацярпелі ад пажару. У АДРАЦ «Ветразь» па ініцыятыве Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа праходзілі аздараўленне дзеці бежанцаў з Украіны.

— Ужо сёлета атрымана 15 прадуктовых набораў ад нашай абласной арганізацыі, — расказвала Таццяна Шахава. — Іх перадалі інвалідам, адзінокім малазабяспечаным пенсіянерам і мнагадзетным сем’ям. Пры раённай арганізацыі працуе медыцынская сястра, якая бясплатна аказвае медыка-сацыяльную дапамогу 9 грамадзянам. Пільную ўвагу стараемся ўдзяляць усім абяздоленым. А дапамагчы ім мы можам разам з кожным з вас, паважаныя пастаўчане. Вашы ўзносы будуць выкарыстаны на рэалізацыю сацыяльных і медыцынскіх праграм, накіраваных на паляпшэнне ўмоў жыцця неабароненых слаёў насельніцтва, а таксама на прафілактычную работу па ахове іх здароўя.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.