Поставчанин Арсений Левшин стал лауреатом ІІ Международного Гранд-конкурса «Талант года»

Культура

Вакальны талент з Пастаў

24—25 студзеня ў канцэртнай зале Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў праходзіў ІІ Міжнародны Гранд-конкурс «Талент года». Адным з яго лаўрэатаў стаў юны спявак, 11-класнік СШ №1 Арсеній Леўшын.

Гэты конкурс з’яўляецца фіналам розных творчых праектаў, якія праводзіліся ў нашай краіне на працягу года музычным адукацыйным цэнтрам «Эстрадная школа талентаў» пры падтрымцы Беларускага саюза музычных дзеячаў. Ён уключае ў сябе шэраг намінацый: вакал, харэаграфію, тэатральнае мастацтва і інструментальнае выканальніцтва, выяўленчае мастацтва — і адкрыты для ўдзельнікаў усіх узростаў. Інфармацыю пра яго Арсеній знайшоў у інтэрнэце, падаў заяўку, і неўзабаве прыйшло запрашэнне ад арганізатараў.

— Конкурс сабраў выканаўцаў з розных краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Грузіі. Міжнародным было і яго журы, — расказваў хлопец. — Я выконваў песню на англійскай мове і адзначаны дыпломам лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі «Эстрадны вакал. Сола. 16—17 гадоў». ­Удзел у «Таленце года» мяне вельмі натхніў. Было шмат новых знаёмстваў, я атрымаў бясцэнны вопыт выступлення на вялікай сцэне. Упэўнены, што абавязкова паўтару ўсё гэта яшчэ не раз.

«Талент года» — другі міжнародны конкурс у творчай біяграфіі Арсенія Леўшына. Першым быў «Творчасць без межаў», які праходзіў у лістападзе мінулага года. У ім пастаўчанін не заняў прызавога месца, але адзін з членаў журы запрасіў яго прыняць летам удзел у фестывалі ў Італіі. Таксама раней юнак ­удзельнічаў у абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Прывітанне, свет!», двойчы — у фестывалі эстраднай песні «Пастаўскія зоркі», Адкрытым раённым конкурсе юных піяністаў. І ўсюды станавіўся лаўрэатам. Часта выступае на розных гарадскіх святах і мерапрыемствах. 

Акрамя школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, Арсеній пяты год наведвае студыю эстраднага вакалу «Задоринка» раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Тут раскрыўся яго вакальны талент — да гэтага ніколі не спрабаваў спяваць сольна. Цяперашні педагог студыі Анастасія Валошчанка дапамагла падрыхтавацца да апошняга конкурсу: параіла, як музычна ўпрыгожыць выбраную Арсеніем кампазіцыю.

— Калі выходзіў на сцэну Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў, я, як ні дзіўна, амаль не хваляваўся, — працягваў мой суразмоўца. — Магчыма, гэта дапамагло добра выступіць. Выклаўся на сто працэнтаў, пастараўся растварыцца ў песні. Увогуле, так раблю заўсёды і атрымліваю ад гэтага сапраўдны кайф. 

Сваю будучыню Арсеній Леўшын хоча звязаць з музыкай — марыць стаць спеваком і збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, на кафедру мастацтва эстрады. Зараз актыўна рыхтуецца да выпускных і ўступных іспытаў. Дарэчы, у школе ён не толькі пастаянны ўдзельнік усіх канцэртаў, але і адзін з найлепшых вучняў: сярэдні бал паспяховасці — 8,6, сёлета ўвайшоў у склад каманды раёна на абласным этапе алімпіяды па геаграфіі і заваяваў дыплом ІІІ ступені. А яшчэ юнак мае вялікую сілу волі і ўмее дабівацца пастаўленых мэт. З такімі якасцямі можна дасягнуць усяго ў жыцці.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.