І сёння берагуць святую памяць…

Калі супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея рыхтавалі экспазіцыю, прысвечаную Першай сусветнай вайне, яны праз газету звярнуліся да жыхароў Пастаўшчыны з просьбай падзяліцца здымкамі тых часоў. Адгукнулася Стэфанія Якавіцкая, у сямейным альбоме якой захоўваюцца ўнікальныя фатаграфіі стогадовай даўнасці. Яны засталіся ў спадчыну ад двух дзядоў — удзельнікаў той Вялікай вайны. Ім пашчасціла вярнуцца з фронту жывымі.
…Стэфанія Сцяпанаўна акуратна раскладвае на стале рарытэтныя здымкі. З кожнага глядзяць маладыя, у самым росквіце сіл салдаты. Іх лёсы нейкім чынам былі звязаны з вёскай Міхнічы Юнькаўскага сельсавета — у гады Першай сусветнай вайны яе займала руская армія.
Пра Міхнічы пастаўчанка Стэфанія Якавіцкая можа расказваць бясконца, бо гэта яе малая радзіма.
— Гісторыя вёскі мяне цікавіла заўсёды, — пачынае аповед жанчына. — Шмат фактаў пачула ад старэйшага пакалення, многа даведалася з «Манаграфіі вёскі Міхнічы і ваколіц у Пастаўскім павеце на Віленшчыне», якую напісаў мой зямляк Генрык Жаброўскі і якую з польскай мовы на беларускую пераклаў краязнаўца Міхаіл Гіль. Цікава, што Першую сусветную вайну мясцовае насельніцтва ўспамінала як вельмі сыты час. Вёска ажно тры гады знаходзілася на поўным забеспячэнні рускай арміі. Тут нічога не садзілі і не сеялі, таму што ўся зямля навокал была ўшчэнт стаптана коньмі, агароды вайскоўцы займалі пад зямлянкі. Салдаты на палявой кухні варылі кашы, іншыя простыя стравы і раздавалі вяскоўцам. Ежы заўжды было ўволю.
У гісторыі Міхніч ёсць і такі факт: восенню 1915 года спецыяльныя гмінныя камісіі пачалі ацэньваць і запісваць маёмасць кожнага мясцовага жыхара. Ім гаварылі, што пасля вайны «добры цар» кампенсуе страты і ўзнагародзіць сялян. Той дакумент жанчына добрае памятае — у дзяцінстве неаднойчы трымала яго ў руках. Але з часам ён згубіўся. На шчасце, удалося захаваць фатаграфіі тых часоў.
— Гэта мой дзядуля, мамін тата, — паказвае яна на здымку маладога мужчыну. — Яго звалі Фелікс Вікенцьевіч Спірыдовіч. Ён нарадзіўся ў Міхнічах у 1894 годзе. Ваяваў у Бесарабіі, расказваў мне, яшчэ дзяўчынцы, што бачыў Чорнае мора, Дунай… Быў паранены, захварэў на тыф, і яго ледзь жывога адправілі з фронту дадому, дзе паправіўся. Памёр дзядуля ва ўзросце 75 гадоў. Меў выключную памяць і быў вельмі лёгкі на нагу. Бывала, прачнецца летам раненька — і ў Вільню пешшу ідзе. Па дарозе з горкі і падбегчы мог. А вось рукі вайна яму скалечыла: пальцы не варушыліся, рабіць нічога не мог. Для чалавека таго пакалення гэта было сапраўдным выпрабаваннем. Але ён трымаўся, не раскісаў. Часам выйду на вуліцу — а дзядуля спявае ў двары. Любіў мне паўтараць, што на вайне запявалам быў. Вельмі шкадую, што тады не запісала ўсе яго ўспаміны.

Лёс другога дзядулі — па бацькавай лініі — склаўся трагічна.
Віталій Ластоўскі нарадзіўся ў Міхнічах у 1891 годзе. З вайны ён, зусім яшчэ малады, вярнуўся здаровым, непараненым. Ажаніўся, нарадзіўся сынок. З жонкай прыгледзелі для куплі зямлю — планы на жыццё былі грандыёзныя. Але здарылася непрадбачанае.
— Аднойчы дзеду забалеў жывот, — расказвала Стэфанія Сцяпанаўна. — Асаблівага значэння гэтаму не надалі, маўляў, з кім не бывае. Прыкладвалі кампрэсы — вось і ўсё лячэнне. Праз некалькі дзён стала зразумела, што справа сур’ёзная. Павезлі ў Цешалава да доктара. Той адразу сказаў: апендыцыт. Патрабавалася тэрміновая аперацыя. Сам доктар зрабіць яе не мог — інструмент канфіскавалі рэвалюцыянеры. А завезці дзядулю ў Вільню не паспелі. Памёр ён у 30-гадовым узросце. Яго сыну тады было ўсяго 8 месяцаў. Мая бабуля так і пражыла ўсё жыццё без гаспадара. Яна часта гаварыла: «Няма мне калі любоў вадзіць, трэба на могілкі хадзіць, магілу даглядаць». І да самай смерці ўспамінала страшныя словы цыганкі, якая літаральна за тыдзень да трагедыі сказала ёй: «Как близок вдовий крест…»

Абодва дзяды Стэфаніі Якавіцкай пахаваны ў Міхнічах, кожнаму пастаўлены помнік. Жанчына пастаянна наведвае іх магілы і сочыць, каб там быў ідэальны парадак.
Далёка не ўсе міхніцкія мужчыны вярнуліся з той жудаснай вайны. Адны загінулі, іншыя прапалі без звестак. Тым не менш вёска працягвала жыць. У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў ёй было больш за шэсць дзясяткаў дамоў. Суразмоўца нават паказала мне намаляваны ад рукі план тагачаснай вёскі з пазначанымі хатамі, прозвішчамі гаспадароў.
— Яшчэ ў маім дзяцінстве сляды Першай сусветнай вайны ў Міхнічах былі добра заўважныя, — гаварыла 71-гадовая Стэфанія Сцяпанаўна. — Памятаю акопы за вёскай з паўднёвага боку — усе дзеці любілі там гуляць. А колькі на полі было калючага дроту! Аднойчы з сябрам знайшлі пад дрэвам цэлую скрыню патронаў. Хапіла яшчэ розуму іх у вогнішча не кінуць… Сёння ўжо сцёртыя з зямлі ўсе прыкметы Вялікай вайны. Толькі двое жыхароў засталося ў Міхнічах… Але памяць пра тыя падзеі будзе жыць хаця б таму, што ў сямейным альбоме ёсць фатаграфіі, якія застануцца ў спадчыну і многім наступным пакаленням.




Пра азіятаў, параненых і паветраныя шары
Аўтар «Манаграфіі вёскі Міхнічы…» Генрык Жаброўскі прыводзіць шмат цікавых фактаў пра жыццё ў часы Першай сусветнай вайны. Вось некаторыя цытаты з яе.
«[Рускія] салдаты на першай лініі акопаў часта сядзелі галоднымі, бо не было каму туды давезці харчы. Часам замест ежы і амуніцыі жаўнеры атрымлівалі цэлыя скрыні святых абразкоў».
***
«У акопах салдаты мяняліся кожныя два тыдні. Адтуль прыходзілі да нас у лес, там адпачывалі і плялі з галінак заслоны для акопаў. Потым неслі іх на першую лінію. Праз нейкі час прывозілі параненых — імі былі запоўнены ўсе вясковыя хаты. Мясцовыя жанчыны дапамагалі пры перавязках. Мая маці набралася такога вопыту ў лекара, што стала вельмі добрай санітаркай. Старэйшы брат Роберт, будучы падлеткам, зарабляў шмат грошай на гандлі папяросамі. Купляў іх на чыгуначнай станцыі ў Валках і ішоў з імі ў лес, дзе было шмат салдат, перапрадаваў з нацэнкай».
***
«І рускія, і немцы даволі блізка ад варожых пазіцый мелі на прывязі паветраныя шары з кашамі для назіральнікаў. З Міхніч дакладна было відаць два. Блізка — адзін вялікі расійскі, другі — далёка, над Варанцом, — нямецкі».
***
«Раней асенняя непагадзь рабіла нашы дарогі непраезнымі. Салдаты гэтага не дапускалі — вымасцілі іх галлём і насыпалі жвіру. Некалькі аўтамабіляў, якія ездзілі са штаба, цяпер маглі перасоўвацца без перашкод.
Спецыяльныя аддзелы азіятаў працавалі на дарогах і будоўлях запасных акопаў другой і трэцяй ліній на выпадак прарыву фронту. Па палях было шмат зямлянак з кіргізамі, чувашамі, мардвінамі. Яны былі задзейнічаны выключна на дапаможных работах, на лінію фронту іх не ставілі.
Акрамя руху салдат, тут [у Міхнічах] не было ніякіх баёў. Некалькі разоў нямецкая артылерыя абстраляла скрыжаванне дарог непадалёк ад нас, вось і ўся вайна».
Іна Сняжкова
Фота з сямейнага альбома Стэфаніі Якавіцкай