Ганарова і адказна
27—28 лютага ў Мінску пройдзе VIII з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У яго рабоце прыме ўдзел і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая.
— З’езд — вышэйшы орган ФПБ. Быць делегатам такога маштабнага форуму ганарова і ў той жа час вельмі адказна, — гаварыла Іна Аляксееўна. — У адпаведнасці са Статутам, з’езд вызначае асноўныя напрамкі дзейнасці, стратэгію і тактыку членскіх арганізацый па абароне правоў працоўных, сацыяльна-эканамічных і законных інтарэсаў членаў прафсаюза.
2019-ы быў надзвычай адказным для прафсаюзнага руху: нашы актывісты прымалі ўдзел у выбарах дэпутата ў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, на прадпрыемствах і ў арганізацыях прайшлі справаздачна-выбарныя сходы і канферэнцыі. Наша раённае аб’яднанне курыруе работу 98 пярвічных прафарганізацый, у якіх налічваецца амаль 9 500 чалавек. Членамі прафсаюза з’яўляюцца 98,7% працуючых. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі аб’ядноўвае 4 мільёны беларусаў. Гэта самая масавая арганізацыя нашай краіны, якая абараняе правы работнікаў усюды, незалежна ад формы ўласнасці, нават калі размова ідзе пра бізнес.

Асабіста мяне найбольш непакоіць сітуацыя з аховай працы. За мінулы год у нашым раёне былі выпадкі, калі людзі атрымалі траўмы на вытворчасці, два чалавекі загінулі. Працаваць ёсць над чым як прафсаюзам, так і сацыяльным партнёрам.
На з’езд паедзем разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксеем Філімонавым. Ад форума чакаем многага. Найперш хочацца пачэрпнуць штосьці з вопыту калег. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі — аўтарытэтная арганізацыя, пазіцыя якой мае вагу на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад мясцовай улады да ўрада. Упершыню ў гісторыі яна нароўні з органамі выканаўчай улады выступіла адным з распрацоўшчыкаў законапраекта па зменах у Працоўным кодэксе, вялікая работа праведзена па ўдасканаленні прававой сферы і па ахове працы. Усе змены накіраваны на атрыманне дадатковых гарантый і паляпшэнне становішча працоўных.
Плануецца, што ў рабоце VIII з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прыме ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, з боку якога прафсаюзы пастаянна адчуваюць не толькі ўвагу, але і падтрымку. Пастаўленыя падчас з’езда задачы стануць арыенцірам для далейшай работы.