Прыемна вяртацца і сустракацца
У апошні дзень студзеня ў раённым Доме культуры яго работнікі зладзілі мерапрыемства, на якое запрасілі былых выпускнікоў сваіх студый і гурткоў, а цяпер — студэнтаў розных навучальных устаноў (на ўзор сустрэч у школах). Студэнты з задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне.
— На сцэне раённага Дома культуры мы рабілі першыя творчыя крокі, перамагалі ў розных конкурсах, атрымлівалі асалоду ад заняткаў і выступленняў, — гаварылі выпускнікі. — Сёння ў кожнага з нас свой жыццёвы шлях, але так прыемна сюды вяртацца і сустракацца з тымі, хто развіваў нашы таленты, усяляў упэўненасць, дапамагаў перамагаць хваляванне і ўпэўнена выходзіць на сцэну! А таксама з сябрамі дзяцінства, разам з якімі так шмат рэпеціравалі, пераадольвалі няўдачы і дасягалі поспехаў.

Лізавета Танана — выпускніца Дунілавіцкай СШ, Кацярына Жук — СШ №1. Яны студэнткі 2 курса факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Ліза з выбарам прафесіі вызначылася яшчэ ў 9 класе, займалася ў Школе юнага журналіста, пісала вершы і прозу, і яе мара збылася. Цяпер супрацоўнічае з газетай «Рэспубліка». Каця хацела паступаць на лінгвістычны факультэт, але ў канцы 11 класа перадумала і выбрала менеджмент СМІ. Дзяўчына імкнецца ўсебакова развівацца: закончыла курсы па розных кірунках, вядзе мерапрыемствы, супрацоўнічае з тэлеканалам «Беларусь 2», рыхтуючы відэасюжэты для інтэрактыўнага маладзёжнага праекта «Пін_Код».
Анастасія Гарус, Арцём Бандарэнка і Лізавета Жук вучыліся ў СШ №№1, 5, 4, былі актыўнымі ўдзельнікамі шматлікіх мерапрыемстваў, якія ладзіліся ў раённым Доме культуры. А потым сталі студэнтамі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Вучацца на розных курсах і факультэтах, але сябруюць паміж сабой.

Вядучая Алена Слядзеўская шмат расказвала пра студэнтку 3 курса Беларускага эканамічнага ўніверсітэта Кацярыну Мацюшонак, якая ў канцы мінулага года прымала ўдзел у Венскім балі ў Палацы Незалежнасці. Дзяўчына падзялілася сваімі ўражаннямі, а таксама правяла імправізаваны майстар-клас па бальных танцах. У ім удзельнічалі Кацярына Жук і Арцём Бандарэнка, Валерыя Зубкевіч і Дзмітрый Дзявятнік, Анастасія Гарус і Раман Сянько, Мікіта Семяніхін.
Наступная старонка сустрэчы была прысвечана музыцы. Вольга Цітовіч і Дзмітрый Дзявятнікаў — выпускнікі СШ №№1 і 3 і ўзорнага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Леаніда Косава. На флейце і кларнеце пачалі граць з 9 і 10 гадоў, цяпер вучацца ў Віцебскім дзяржаўным музычным каледжы імя І. Салярцінскага. Дзмітрый удзельнічаў у рэспубліканскіх конкурсах выканаўцаў на аркестравых інструментах у Магілёве і Маладзечне і ў намінацыі «Кларнет» заваяваў дыпломы III і II ступеняў.

Аляксандра Барысюк закончыла СШ №4 і дзіцячую школу мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Яна неаднаразовая пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў ігры на цымбалах. Спачатку вучылася ў рэспубліканскай гімназіі пры Дзяржаўнай акадэміі музыкі, цяпер — студэнтка 2 курса гэтай акадэміі. Аляксандр Унтан — выпускнік гімназіі, удзельнік маладзёжнай групы «Тутэйшыя». Ён выбраў прафесію гукааператара і зараз вучыцца на 2 курсе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Крысціна Багушэвіч і Марыя Сеганкевіч — выпускніцы Варапаеўскай СШ, удзельніцы вакальнай студыі ANIMA. Крысціна першы год займаецца ў Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы, а Марыя паспяхова закончыла гэты ж каледж і вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры.

Раман Сянько ў 6 гадоў прыйшоў у маладзёжны ваенна-спартыўны клуб «Азімут». Закончыў СШ №4 і паступіў у Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Яго будучая прафесія — правізар. Прадаўжае займацца спортам. У гэтай навучальнай установе на стаматолага вучыцца і выпускніца СШ №1 Паліна Касарэўская.
10-гадовай дзяўчынкай прыйшла ў цыркавую студыю «Каскад» Валерыя Зубкевіч. Вызначалася настойлівасцю і мэтанакіраванасцю. Пераадолела страх і пакарыла двухпавярховы монацыкл. Палюбіўшы вышыню, выбрала адпаведную прафесію — дыспетчара кіравання паветраным рухам. Яна студэнтка 3 курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Дасканала валодае англійскай мовай, без якой немагчыма працаваць на дадзенай пасадзе.
Пра вучобу ў Наваполацкім дзяржаўным эканамічным каледжы расказаў яго навучэнец Мікіта Семяніхін (выпускнік СШ №5).
Акрамя прэзентацыі сваіх навучальных устаноў, госці падрыхтавалі для гледачоў — а імі былі вучні школ горада — творчую справаздачу: спявалі, танцавалі, гралі на музычных інструментах, чыталі вершы, выступалі разам з удзельнікамі цыркавой студыі і ваенна-спартыўнага клуба «Азімут». На завяршэнне мерапрыемства дырэктар раённага Дома культуры Ала Чарнюк падзякавала студэнтам за тое, што знайшлі час і прыйшлі на сустрэчу, іх настаўнікам і бацькам — за выхаванне такіх годных дзяцей, пажадала далейшых поспехаў і уручыла на памяць спецыяльныя дыпломы.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара