«Счастливы вместе». Нина и Владимир Стубайло из Постав отметили золотую свадьбу

Общество

Золата  найвышэйшай  пробы

— Уладзімір Іванавіч! Ці ўдзячныя вы лёсу, які звёў вас з Нінай Мікалаеўнай?
— Ніна Мікалаеўна, вы шчаслівая, ідучы адной дарогай з Ула­дзімірам Іванавічам?

На гэтыя пытанні начальніка аддзела ЗАГС Пастаўскага райвыканкама, якія прагучалі падчас урачыстай рэгістрацыі залатога шлюбу Стубайлаў, ён прамовіў цвёрдае «так!», яна — эмацыянальнае «вельмі!».

Яны пазнаёміліся на вечары адпачынку, што ладзіўся ў Рыжскім ваенным авіяцыйным вучылішчы, у які паступіў юнак з Верхнядзвінска. Ніна была мясцовай, з мнагадзетнай сям’і. З 15 гадоў працавала і вучылася завочна ў тэхнікуме. Сябравала са спортам — захаплялася хадзь­бой на лыжах і баскетболам, удзельнічала ў спаборніцтвах. Прыгожая, актыўная, самастойная дзяўчына не магла не прыглянуцца браваму курсанту. Яна адказала ўзаемнасцю. 28 сту­дзеня 1970 года маладыя лю­дзі зарэгістравалі шлюб у ЗАГСе Ленінградскага раёна Рыгі.

Ці лёгкае сямейнае жыццё, тым больш калі муж ваеннаслужачы? Адказ на гэта пытанне ведаюць толькі тыя, хто прайшоў такі шлях. Уладзіміру Стубайлу давялося служыць у 7 гарнізонах. На новае месца назначэння пераязджала і ўся сям’я. Жылі ў Латвіі, Расіі, Узбекістане, Таджыкістане, Германіі, канчаткова асталяваліся ў Беларусі. Змянілі 12 кватэр і кожную ператваралі ва ўтульнае сямейнае гняздо, напаўнялі цяплом і любоўю.

У наш горад, на чарговае месца службы, пераехалі ў 1990-м. Спачатку жылі ў інтэрнаце, а ў 1993-м атрымалі кватэру. На пенсію Уладзімір Іванавіч выйшаў з пасады начальніка штаба батальёна сувязі авіяцыйнай базы ў званні маёра. Вядзе актыўны лад жыцця: з’яўляецца салістам хору ветэранаў клуба «Памяць», захапляецца рыбалкай і паляваннем.

Працоўная біяграфія Ніны Мікалаеўны звязана з гандлем. На кожным новым месцы службы мужа яна знаходзіла сабе работу, а на грамадскіх пачатках узначальвала жаночы савет. У Паставах працавала ў магазіне «Дары прыроды», пазней загадвала ўніверсамам. Прыемна, што яе памятаюць у райспажыўтаварыстве. Вось і на ўрачыстую рэгістрацыю залатога шлюбу прыйшлі з кветкамі і падарункамі прадстаўнікі адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі Ірына Хомчык і Людміла Касцюкова. Цёпла павіншавала сужэнцаў і ўручыла падарунак старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч. А начальнік аддзела ЗАГС зачытала прывітальны адрас ад старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка і старшыні раённага Савета дэпутатаў Пятра Курто.

Што да самой цырымоніі, то яна праходзіла настолькі кранальна, што слёзы расчуленасці праступалі нават на вачах мужчын. Цёпла, пранікнёна, з глыбокай павагай звярталася да віноўнікаў урачыстасці начальнік аддзела ЗАГС Аніта Несцяровіч. Гучалі марш Мендэльсона і задушэўныя мелодыі, папулярныя ў гады іх маладосці. Былі і «першы» сямейны танец, і залатыя пярсцёнкі, і пацалунак кахання. А яго вяршыняй і найвышэйшай узнагародай з’яўляюцца дзеці — масток, перакінуты ў будучыню. Сёння па ім ідуць сын, дачка і трое ўнукаў Стубайлаў.

І вось залатыя юбіляры запальваюць свечку сямейнага ачага і перадаюць агонь ад яе як сімвал веры, любові, мудрасці і адзінства сям’і на свечкі, якія трымаюць у руках іх дзеці і ўнукі.

Захоўвайце гэтыя свечкі як каштоўнасць, — наказвае начальнік аддзела ЗАГС. — Іх агонь будзе заўсёды саграваць і абера­гаць вашы сем’і.

Пасля ўрачыстасці Аляксандр Стубайла і яго сястра Наталля гаварылі мне:

У нас самыя цудоўныя бацькі, і мы бяром з іх прыклад, як будаваць сямейныя адносіны. Рады за маму і тату, для якіх атрымалася такое прыгожае свята.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара

***

 

Видео: Наталья Налей 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.