Следить за качеством питания и своевременной выдачей обмундирования военнослужащим в/ч 74384 — обязанность лейтенанта Алексея Пошелюка

Приграничье

Арміі сіла – у моцы тылу

Сачыць за якасцю харчавання і своечасовай выдачай абмундзіравання ваеннаслужачым воінскай часці 74384 — абавязак лейтэнанта Аляксея Пашалюка. І, як жартуе ён сам, знак якасці яго службы — яе незаўважнасць. Што азначае толькі адно: наладжаны тылавікамі механізм працуе без збояў.

Ваенная служба прывабіла Аляксея стабільнасцю: у грамадстве абарона інта­рэсаў Радзімы заўсёды актуальная і пачэсная, няма праблем з працаўладкаваннем, годная зарплата. Канчаткова вызначыцца з выбарам спецыяльнасці дапамог курсант Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Я. Купалы, які ў свой час агітаваў пінскіх школьнікаў паступаць на ваенны факультэт сваёй ВНУ.

— Універсітэт скончыў па спецыяльнасці «Спецыяліст па рэчавым забеспячэнні». Летам мінулага года па размеркаванні прыехаў у Паставы на пасаду начальніка харчовай і рэчавай службы, — расказваў Аляксей Пашалюк. — Як у арміі наладжана харчовае забеспячэнне, ведаў толькі тэарэтычна, таму многаму давялося вучыцца непасрэдна ў падраздзяленні. Азы даў мой папярэднік, у многім разбіраўся я сам, шмат дапамагала справавод Марыя Казімірская. Яна не з’яўляецца маёй прамой падначаленай, але ў кола яе абавязкаў увахо­дзіць улік рэчаў і харчу.

Пра тое, каб салдаты тэрміновай службы былі накормленымі, клапоціцца прадпрыемства грамадскага харчавання, якое не толькі гатуе ежу, але і закупляе і захоўвае прадукты. Аляксей кантралюе работу повараў, сочыць, каб тыя якасна і своечасова кармілі ваеннаслужачых. А вось армейскія сухія пайкі лейтэнант забірае са склада ў Валожыне самастойна. Некаторыя атрымлівае ўкамплектаванымі, некаторыя складвае сам. Забяспе­чыць харчаваннем асабовы склад пры палявых выхадах, зрабіць раскладку прадуктаў (нешта накшталт вялікага меню) — таксама клопат Аляксея Пашалюка.

Думаеце, ваенная форма захоўваецца ў часці на складзе — пры­ходзь і атрымлівай? Гэта не так. Для кожнага ваеннаслужачага вопратку і абутак заказваюць згодна з яго размерамі. Прытым з пэўнай перыядычнасцю, для новенькіх — пры паступленні на службу. «Гаспадарка» ў начальніка харчовай і рэчавай службы сапраўды вялікая, зрэшты, як і матэрыяльная адказнасць. Але маладога лейтэнанта гэта не палохае. Наадварот, стымулюе ва ўсім дасканала разбірацца і выконваць работу своечасова, каб з чыстым сумленнем ісці дадому. Там яго чакае нявеста, з якой актыўна рыхтуюцца да вяселля. Згуляюць яго 11 ліпеня на радзіме жаніха — у Пінску.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.