Брава, педагогі! Малайчына, Юлія!
У мінулы чацвер у СШ №1 падвялі вынікі раённага этапа рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь».
Барацьба за званне найлепшага педагога Пастаўшчыны пачалася 15 студзеня. У яе ўступілі 18 настаўнікаў і выхавальнікаў дашкольнай адукацыі з усіх школ і дзіцячых садоў горада, Пастаўскай гімназіі, Варапаеўскай, Навасёлкаўскай, Камайскай, Гуцкай СШ, Лынтупскай і Дунілавіцкай ЯССШ, якія выйшлі пераможцамі ў сваіх навучальных установах. На працягу двух тыдняў яны дэманстравалі ўсё, на што здольныя ў прафесійным і не толькі плане, прайшоўшы праз чатыры конкурсныя выпрабаванні.

Першым было творчае самапрадстаўленне. Падчас яго педагогі расказалі пра сябе, свае захапленні і інтарэсы, поспехі і дасягненні. У другім туры прадставілі ўласныя сістэмы педагагічнай дзейнасці, зрабіўшы падрабязны аналіз педагагічных праблем, якія вырашаюць, і прад’явіўшы дасягнутыя навучэнцамі вынікі. На трэцім этапе канкурсанты праводзілі адкрытыя ўрокі і заняткі ў незнаёмых класах і групах, дзе паказалі стыль сваёй работы — так званы прафесійны почырк. Апошнім выпрабаваннем былі педагагічныя майстар-класы. Іх тэмы вызначалі самі ўдзельнікі. Тут яны мелі магчымасць прадэманстраваць творчыя асаблівасці, у інтэрактыўнай форме раскрыць сакрэты свайго майстэрства.
І вось усе туры, а разам з імі напружаная падрыхтоўка, хваляванні і перажыванні засталіся ззаду. Канкурсанты і іх калегі па навучальных установах сабраліся ў актавай зале першай гарадской школы на цырымонію аб’яўлення і ўзнагароджання пераможцаў. Гэту прыемную місію ўзяў на сябе начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Кашырын.

Аляксандр Яўгеньевіч шчыра падзякаваў арганізатарам конкурсу за такое цудоўнае прафесійнае спаборніцтва, а яго ўдзельнікам — за смеласць выйсці на сцэну і паказаць усім свой талент. Пры гэтым адзначыў, што Пастаўшчына багатая на таленавітых педагогаў. Сведчанне таму — сёлетнія вынікі абласнога этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Нашы школьнікі заваявалі на ім 8 дыпломаў, 3 з якіх — першай ступені, і занялі другое месца сярод прадстаўнікоў сельскіх раёнаў вобласці.
Пад апладысменты прысутных Аляксандр Яўгеньевіч уручыў Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта педагогам, якія аказаліся найлепшымі ў намінацыях. Сярод выхавальнікаў дашкольнай адукацыі гэта Кацярына Кругляк з ясляў-сада №5, настаўнікаў пачатковых класаў — Алена Авіна з СШ №4, рускай мовы і літаратуры — Іна Турла з СШ №2. У комплексных намінацыях «Фізічная культура і здароўе, музыка» і «Матэматыка, біялогія, хімія, гісторыя, геаграфія» перамаглі настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ №1 Мікалай Бузанаў (дарэчы, адзіны мужчына сярод канкурсантак) і выкладчыца матэматыкі Варапаеўскай СШ Надзея Кухальская.

Абсалютнай жа пераможцай прызнана настаўніца англійскай мовы СШ №3 Юлія Ракель, якая не ўпершыню ўдзельнічае ў гэтым конкурсе, але настолькі паспяхова раней не выступала. Яна ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта і будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе. З перамогай Юлію Аляксандраўну павіншавала таксама старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Валянціна Ромель, уручыўшы падарункавы сертыфікат і пажадаўшы моцнага здароўя, поспехаў і новых прафесійных дасягненняў.
Усе ўдзельнікі спаборніцтва атрымалі граматы аддзела па адукацыі райвыканкама, невялікія падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і кветкі ад кіраўнікоў навучальных устаноў, у якіх працуюць. З музычнымі і танцавальнымі нумарамі для іх выступілі вучні школ горада і раёна.
У тым, што конкурс «Настаўнік года» прайшоў на такім высокім узроўні, вялікая заслуга загадчыцы Пастаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Раісы Шубелькі. Яна распрацоўвала сцэнарый мерапрыемства, кансультавала ўдзельнікаў і будзе далей кансультаваць Юлію Ракель, каб тая паспяховага выступіла на абласным узроўні. За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі і вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку і правядзенне раённага этапа конкурсу Раіса Яўгеньеўна адзначана Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў і аддзела па адукацыі райвыканкама.
Алена Шапавалава. Фота аўтара