«Зялёная пятніца» ў Беларусбанку
Пастаўчан, якія прыйшлі 21 лютага ў Цэнтр банкаўскіх паслуг №230 філіяла №216 ААТ «ААБ Беларусбанк» здзейсніць якую-небудзь аперацыю і мелі ў вопратцы любыя адценні зялёнага колеру, чакалі невялічкія сувеніры: ручкі, каляндарыкі, прысмакі. Для многіх гэта стала нечаканасцю.
— Сёлета наш банк праводзіць для сваіх кліентаў штомесячны тэматычны праект. У лютым ён рэалізуецца ў пэўных аддзяленнях Мінска і Віцебскай вобласці і называецца «Зялёная пятніца», — патлумачыў дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг Леанід Касарэўскі. — Зялёны выбраны таму, што гэты колер з’яўляецца карпаратыўным. У яго тонах афармляюцца ўсе аддзяленні, ён абавязкова прысутнічае ў адзенні банкаўскіх работнікаў.

Мэта праекта — стварыць станоўчы імідж Беларусбанка, павысіць лаяльнасць кліентаў да яго, а таксама фінансавую адукаванасць грамадзян. Таму на працягу дня атрымаць прэзенты маглі і тыя, хто правільна адказваў на два фінансавыя пытанні. Напрыклад, з якога ўзросту вам адкрыюць банкаўскі рахунак ці з дапамогай якіх устройстваў альбо сэрвісаў можна папоўніць баланс мабільнага тэлефона. Паўдзельнічаць у адукацыйнай віктарыне прапаноўвалі банкіры, якія працавалі ў зале. Каб наведвальнікі адчувалі, так бы мовіць, святочнасць моманту, аддзяленне ўпрыгожылі паветранымі шарамі, абуладкавалі спецыяльны куток.
Вераніка Філановіч
Фота аўтара