Талантливая молодежь поделилась своим творчеством в литературно-музыкальной гостиной «Живи ярко!»

Культура

Не проста ярка – асляпляльна

Пачынаючы з 2018 года малая зала раённага Дома культуры з пэўнай перыядычнасцю ператвараецца ў крэатыўную пляцоўку для таленавітай моладзі. У літаратурна-музычнай гасцёўні «Жыві ярка!» падлеткі дзеляцца сваёй творчасцю з равеснікамі. Чарговая сустрэча адбылася ў лютым.

Будучых удзельнікаў гасцёўні рэжысёр РДК Даяна Дашкевіч шукае ў агульнаадукацыйных школах, творчых аб’яднаннях, сацыяльных сетках. Пры складанні праграмы абавязкова звяртае ўвагу на жанравую разнастайнасць нумароў. Часта бывае так, што падчас папярэдняга праслухоўвання нараджаюцца новыя нумары, ствараюцца спантанныя дуэты. Так адбылося і з Даніілам Аўчыннікавым і Кацярынай Семянас. Данііл вучыцца ў каледжы, грае на гітары, спявае. Каця — гімназістка, удзельніца вакальна-інструментальнага ансамбля «Музей». Яны хутка знайшлі агульную мову і вырашылі выступіць разам. Атрымаўся цудоўны нумар. Зрэшты, як і ўсе астатнія.

Пад гітару выконвалі песні гімназістка Анастасія Врублеўская і навучэнка СШ №4 Паліна Захарыч. Апошняя прадэкламавала і верш уласнага сачынення. Захапляюцца паэзіяй і «нараджаюць» рыфмаваныя радкі Андрэй Смірноў (каледж) і вучаніца трэцяй гарадской школы Аляксандра Жыльцова. Адзін з вершаў Сашы напісаны ў форме дыялогу, і, каб ён загучаў адпаведна задуме, разам з аўтарам яго чытаў Ігар Нежавец. Аўтарскую песню выканалі дуэтам і навучэнцы каледжа Іван Ярмаш і Яўгеній Чаховіч.

Удзельнікі літаратурна-музычнай гасцёўні «Жыві ярка!»

Навучэнка гімназіі Кацярына Вернікоўская мае шмат захапленняў, наведвае раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Нядаўна навучылася граць на укулеле (маленькая чатырохструнная гітара), што і прадэманстравала ўдзельнікам гасцёўні. Яе выступленне падтрымала сястра Анастасія, якая спявала пад акампанемент укулеле. Яшчэ ­адзін­ творчы дуэт — Мікіта Глаздоўскі (СШ №1) і Дзя­ніс Аўчарэнка (гімназія). Хлопцы адначасова захапіліся бітбоксам, не будучы знаёмымі. Так супала, што абодва наткнуліся на відэа сваіх куміраў Berywam і вырашылі паспрабаваць сябе ў гэтым незвычайным жанры. Усё атрымалася. Пасля выступлення юнакі правялі невялічкі майстар-клас: паказалі і расказалі, як утвараць гарлавыя, ротавыя і насавыя гукі. Дзяніс здзівіў яшчэ і вакалам. Выдатнымі вакальнымі данымі бліснулі Арсеній Леўшын (СШ №1), навучэнцы каледжа Ілья Гайлюн і Глорыя Дундзер.

Вучаніцы першай гарадской школы Мілана Лапша і Дзіяна Дунец раскрылі сакрэты стварэння відэаролікаў для мегапапулярнай у моладзі сацыяльнай сеткі Tik Tok, падказалі, што рабіць, каб было як мага болей падпісчыкаў. А напрыканцы правялі флэшмоб.

Выступленні герояў гасцёўні чаргаваліся з музычнымі размінкамі. Падчас іх прапаноўвалася па кароткім апісанні адгадаць песню, а таксама пазнаць па мелодыях хіты 2000-х і пажадана напець. Што моладзь з задавальненнем і рабіла. Было такое адчуванне, і не ў мяне адной, быццам прысутнічаю на канцэрце вядомых артыстаў. Атрымалася сапраўды шыкоўная маладзёжная тусоўка. А каб вы бачылі, як зала вітала дэбютантаў і заўсёднікаў гасцёўні! Апладысменты і падба­дзёрвальныя воклічы не змаўкалі пасля кожнага выступлення.

Фінальную песню — «Жыві ярчэй за ўсіх» — выканалі ўсе ўдзельнікі праграмы.

— Уражаная вашымі талентамі! Кожны з вас варты вялікай сцэны, — гаварыла напрыканцы творчага вечара дырэктар РДК Ала Чарнюк. — Сустракайцеся часцей!

Вераніка Філановіч
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.