Да яе ідуць па дапамогу і параду не толькі як да загадчыцы фельчарска-акушэрскага пункта, але і як да старэйшыны вёскі.
Я гавару пра Таццяну Дзюшко з Ляхаўшчыны. Старэйшынай гэтай вёскі, а таксама Рэдзькаўшчыны яе выбралі ў 2017 годзе. А па выніках работы за 2018-ы яна ўжо была прызнана найлепшай старэйшынай у Валкоўскім сельсавеце. Дзелавая, энергічная жанчына выдатна спраўляецца не толькі з прафесійнымі, але і з грамадскімі абавязкамі.
Таццяна Мар’янаўна — высокакваліфікаваны медык, па першым выкліку, у любы час сутак і ў любое надвор’е прыходзіць на дапамогу людзям. Прыветна сустракае пацыентаў і ў фельчарска-акушэрскім пункце, праводзіць належную прафілактычную работу. Карыстаецца павагай і аўтарытэтам у вяскоўцаў.

На рахунку фельчара шмат і добрых грамадскіх спраў. Пастаянна ў цэнтры ўвагі сельвыканкама і старэйшыны знаходзяцца пытанні добраўпарадкавання. Сама паказвае ў гэтым прыклад. Дом, у якім жывуць Дзюшко, з’яўляецца візітнай картачкай вуліцы Кастрычніцкай вёскі Ляхаўшчына. Тэрыторыя ля яго ўпрыгожана малымі архітэктурнымі формамі і дэкаратыўнымі кустарнікамі, летам на ёй буяе шмат кветак. Дыхтоўныя гаспадарчыя пабудовы. Мінулай восенню сям’я арганізавала пасадку дрэў насупраць дома. На паўгектарнай плошчы высаджаны бярозкі і елачкі. Пройдуць гады — і тут будзе прыгожае месца адпачынку для вяскоўцаў і іх гасцей.
Заўсёды дагледжаная тэрыторыя ля манумента загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны землякам: тут своечасова прыбіраюць апалае лісце, абкошваюць траву, фарбуюць жалезабетонную агароджу. Пад кіраўніцтвам Таццяны Дзюшко два разы ў год арганізоўваліся суботнікі па добраўпарадкаванні могілак вёскі Сарокі. Клапоціцца старэйшына і пра тое, каб у Ляхаўшчыне і Рэдзькаўшчыне было вулічнае асвятленне, у належным стане ўтрымліваліся дарогі, своечасова прыходзіў аўтамагазін, людзі не засталіся без паліва. Па яе хадайніцтве тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выдзеліў састарэлым і інвалідам дзве каляскі, хадункі, палачку для хадзьбы. Праяўляе ініцыятыву пры падрыхтоўцы культурна-масавых мерапрыемстваў да дзяржаўных свят, непасрэдна ўдзельнічае ва ўшаноўванні юбіляраў паважанага ўзросту. З’яўляецца дэпутатам сельскага Савета, членам савета грамадскага пункта аховы правапарадку, уваходзіць у склад аглядавай камісіі. У пачатку года перапісвае колькасць жывёлы, якую вяскоўцы ўтрымліваюць на сваіх падвор’ях.
Хапае спраў Таццяне і ва ўласным доме. Сям’я трымае немалую падсобную гаспадарку. Бацькі шчыруюць самі і прывучаюць да працы дачку Кацю і сына Сашу.
Адным словам, усюды паспявае наша старэйшына. А для мяне яна — правая рука ва ўсіх справах, якія закранаюць жыццядзейнасць жыхароў Ляхаўшчыны і Рэдзькаўшчыны.
Таіса Баторы, старшыня Валкоўскага сельскага Савета
Фота Анны Анішкевіч