Участники республиканского слёта молодых специалистов АПК поделились впечатлениями от мероприятия

Сельское хозяйство

Пра сучаснасць і перспектыву

гаварылі на рэспубліканскім злёце маладых спецыялістаў арганізацый АПК, які прайшоў 6–7 лютага на базе Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі

Наш раён на форуме прадстаўлялі галоўны інжынер ААТ «Хацілы-агра» Валерый Курто, эканаміст ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Арцём Пукаў і галоўны бухгалтар ААТ «Кураполле-агра» Даяна Дражына-Рошча. Валерый Курто атрымаў Падзяку міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь з рук самога Анатолія Хацько. Карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч папрасіла ўдзельнікаў злёту падзяліцца сваімі ўражаннямі.

Удзельнікі рэспубліканскага злёту маладых спецыялістаў Арцём Пукаў, Даяна Дражына-Рошча і Валерый Курто

Валерый Курто:

— У акадэмію з’ехаліся каля 300 маладых аграрыяў з усёй Беларусі. Удзел у падобных мерапрыемствах заўсёды развівае, там можна пачэрпнуць шмат карыснага. На выставе-дэгустацыі з цікавасцю пазнаёміўся з прадукцыяй, якую выпускаюць прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу Горацкага раёна. Карыснымі былі выступленні легендарных аграрыяў-лідараў, такіх як старшыні агракамбіната «Сноў» і саўгаса «Дабраволец». Мяне падкупілі іх жыццёвая мудрасць, тактыка работы з падначаленымі. Кожны засяроджваў увагу на тым, што на рабочых месцах павінны быць строгая дысцыпліна і адказнасць пры выкананні ўскладзеных абавязкаў. Гэта прынцып работы і кіраўніка нашай гаспадаркі.

Слухаў расказ пра справы ў перадавікоў краіны — і адчуваў гонар за «Хацілы-агра»: заработная плата ў нас такая ж, як і ў іх, няма праблемы з кадрамі механізатараў. На хацілаўскіх землях працуе ўжо трэцяе пакаленне хлебаробаў. І ў гэтым вялікі плюс. Стараннем, прафесіяналізмам вызначаюцца такія сямейныя дынастыі, як Валкі, Калінскія, Чашуны. Маладыя хлопцы знаёміліся з тэхнікай яшчэ пры дзядах, з бацькамі аб’ездзілі ўсе палі, цяпер добра ведаюць іх структуру. І я не шкадую, што застаўся на малой радзіме. Хоць пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь былі прапановы ўладкавацца ў сталіцы, іншых месцах. Работу люблю. Атрымліваю задавальненне, калі бачу вынік калектыўнай працы — горы намалочанай збажыны, высокія надоі і прывагі.

На злёце шмат гаварылі пра дакладнае земляробства, якое ўдасканальвае сістэму кіравання аграрным сектарам, садзейнічае эканоміі дызельнага паліва, сродкаў аховы раслін, мінеральных удабрэнняў, дазваляе павышаць прадукцыйнасць працы, узровень аграрнай вытворчасці і забяспечваць канкурэнтаздольнасць прадукцыі. Многія краіны свету даўно вынікова працуюць па такой сістэме. Спадзяюся, што ў будучым удасца ўкара­ніць яе і нам.

Арцём Пукаў:

— Мне ўдвая прыемна было паехаць на злёт маладых спецыялістаў у сельгасакадэмію, бо сам родам з Горак, паўтара года таму закончыў факультэт бізнесу і права гэтай навучальнай установы. Па размеркаванні трапіў на Пастаўшчыну, у ААТ «Сцяг Перамогі-агра». Працую эканамістам. Авалодваць на практыцы прафесіяй дапамагае галоўны эканаміст Алена Генадзьеўна Хаткевіч. Жыву на здымнай кватэры, якую часткова аплачвае гаспадарка. Як малады спецыяліст атрымліваю належныя даплаты. Дадому, вядома ж, цягне, але бываць там часта не атрымліваецца. На злёце сустрэўся з многімі знаёмымі, якія вучыліся на іншых факультэтах.

Абодва дні форуму былі насычанымі. Першы — у асноўным тэарэтычны: выстава-дэгустацыя, знаёмства з найлепшымі праектамі конкурсу «100 ідэй для Беларусі», навукова-метадычнымі распрацоўкамі і дасягненнямі акадэміі, уручэнне грамат Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Ганаровых грамат Беларускага прафсаюза работнікаў АПК самым лепшым прадстаўнікам сельскай моладзі. Ганарова, што сярод узнагароджаных і наш Валерый Курто. Другі дзень меў практычную накіраванасць. Нас падзялілі па тэматычных секцыях, дзе абмяркоўваліся больш вузкія прафесійныя пытанні па аграноміі, заатэхніі, інжынерыі, ветэрынарнай медыцыне. Некаторыя групы пабывалі на малочнатаварным комплексе, у гаспадарцы па вырошчванні фарэлі, горацкім элеватары. Я быў сярод бухгалтараў і эканамістаў, і мы працавалі ва аўдыторыі. Спадабалася культурная праграма.

Даяна Дражына-Рошча:

— Я таксама з вялікім задавальненнем ехала на злёт. У мінулым годзе закончыла гэту сельгасакадэмію і вельмі абрадавалася сустрэчы з многімі выкладчыкамі, студэнтамі малодшых курсаў, былымі аднакурснікамі з розных факультэтаў. Цікава было даведацца, як яны ўладкаваліся пасля вучобы. У акадэміі не забылі, што я была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці, і запрасілі выступіць на святочным канцэрце.

Мая радзіма — аграгарадок Бабінічы Аршанскага раёна. У ААТ «Кураполле-агра» праходзіла практыку. Задаволілі ўмовы, калектыў. Муж родам з Вілейкі, таму выбралі Пастаўшчыну: гадзіна часу — і мы ў бацькоў мужа. Васілій у студзені атрымаў дыплом і ў сакавіку прыедзе ў Кураполле на пасаду інжынера па тэхніцы бяспекі. Мяне адразу пасля вучобы назначылі галоўным бухгалтарам. Асвойвацца было няпроста. Вялікую дапамогу аказвалі і аказваюць галоўны эканаміст гаспадаркі Людміла Паўлаўна Лакотка, мой намеснік Ірына Фёдараўна Сцяпурка і ўсе работнікі бухгалтэрыі.

На злёце ўразіла ўвага да маладых з боку высокіх асоб: міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Анатолія Хацько, старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалая Лабушава. Яны не проста выступалі перад намі, размова была пабудавана ў выглядзе адкрытага дыялогу: можна было задаць пытанні і атрымаць вычарпальныя адказы. Галоўны прававы інспектар працы рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Святлана Грышуціна пазнаёміла з актуальнымі пытаннямі прававой, сацыяльна-эканамічнай абароны, дала шэраг рэкамендацый і практычных парад. Ад іншых спецыялістаў пачулі тлумачэнні па новаўвядзеннях у Працоўным кодэксе Беларусі, аплаце працы.

Пасля злёту ў мяне з’явіліся новыя знаёмыя, з якімі прадаўжаем абменьвацца думкамі, абмяркоўваючы форум.

Фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.