Гран-пры і тры дыпломы
Іх прывезлі ўдзельнікі студыі «Славія» Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна з Першага адкрытага рэгіянальнага вакальнага фестывалю-конкурсу юных выканаўцаў «Гукі мары», які праходзіў 12 лютага ў Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы.
Гэты конкурс сабраў 120 выканаўцаў з усёй Віцебшчыны. Ён праводзіўся па трох жанравых напрамках: акадэмічны, народны і эстрадны вакал, у кожным з якіх было тры намінацыі: «Саліст», «Ансамблі» і «Дуэт-трыа» — і дзве ўзроставыя катэгорыі. Ад «Славіі» ў музычным спаборніцтве ўдзельнічалі ансамбль «Дзяўчаты», трыа «Фантазія» і салістка Дар’я Дрозд. Усе яны прадстаўлялі эстрадны вакал і выступалі ў старэйшай узроставай катэгорыі.

«Дзяўчаты», у склад якіх уваходзяць Марыя Шаура, Яна Татарчук, Дзіяна Дунец, Алеся Буйко і Анастасія Врублеўская, выконвалі песню Эдзіты П’ехі «Упрямая мелодия» ў джазавай аранжыроўцы кіраўніка студыі Аксаны Нікалаевай і занялі першае месца сярод ансамбляў. «Фантазія» ў складзе Дар’і Дрозд, Паліны Балаш і Святланы Грэські з дапамогай Аксаны Анатольеўны падрыхтавала джазавую аранжыроўку нямецкай кампазіцыі «Мальчик с колесом» і была ўдастоена дыплома першай ступені ў намінацыі «Дуэт-трыа». А Дар’я Дрозд з песняй на англійскай мове «Всё для тебя» стала дыпламантам першай ступені як салістка.
Калі былі ўручаны ўсе дыпломы, журы аб’явіла пра сваё рашэнне прысудзіць Гран-пры конкурсу. Ён дастаўся трыа «Фантазія» — адзінаму калектыву сярод усіх удзельнікаў, які выконваў кампазіцыю акапэла і якому пасля выступлення члены журы крычалі «брава!».
— Для Дашы, Паліны і Светы гэты конкурс стаў своеасаблівым выпускным экзаменам, — гаварыла Аксана Нікалаева. — Па-першае, дзве дзяўчынкі вясной заканчваюць школу і пакідаюць калектыў. А па-другое, паколькі фестываль праводзіў музычны каледж, у журы сядзелі сапраўдныя прафесіяналы, і заслужыць такую высокую іх ацэнку было вельмі няпроста. У Наваполацку і Полацку моцная вакальная школа. Нават звычайныя агульнаадукацыйныя ўстановы маюць узорныя вакальныя студыі. Уяўляеце, як цяжка з імі сапернічаць?! Ды і з іншых гарадоў і раёнаў вобласці прыехалі моцныя канкурсанты, многія — са званнямі «ўзорны» і «народны». Па словах старшыні журы, Гран-пры мы атрымалі за арыгінальную аранжыроўку песні (яна была рознай у кожным куплеце і прыпеве), а таксама за высокі ўзровень і чысціню выканання.
Алена Шапавалава