У лідарах – жывёлаводы «Навасёлак-Лучая»
Падведзены вынікі першага этапа конкурсу сярод маладых жывёлаводаў і аператараў машыннага даення. Усе ўзнагароды раённага спаборніцтва дасталіся работнікам адкрытага акцыянернага таварыства «Навасёлкі-Лучай».
Павіншаваць пераможцаў і нацэліць іх на новыя працоўныя здзяйсненні на малочнатаварную ферму «Навасёлкі» адправіліся першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч, першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель.
— Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі штогод адзначае маладзёжныя экіпажы, занятыя на адвозцы зерня падчас пасяўной, на ўборцы ўраджаю. З’явілася ідэя правесці аналагічнае спаборніцтва і для жывёлаводаў. Не сакрэт, што вынік вашай працы напрамую ўплывае на зарплаты ўсяго калектыву, — гаварыў Эдуард Вальдэмаравіч. — Праект пілотны. Па яго ўмовах, ад канкурсантаў патрабавалася дасягнуць найвышэйшых вынікаў па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў зімова-стойлавым перыядзе. І яны не горшыя, чым у вопытных работнікаў.

Найбольшую актыўнасць праявіла моладзь ААТ «Навасёлкі-Лучай», якая і стала лідарам раённага спаборніцтва. Найлепшым аператарам прызнана Наталля Ткачова з МТФ «Навасёлкі». За два месяцы яна надаіла ад 40 кароў 33,6 тоны малака. Другое месца ў яе калегі Алесі Шпілько, трэцяе — у Наталлі Лісовай (МТФ «Стары Двор»). Сярод жывёлаводаў, занятых на дарошчванні і адкорме, у лідары выйшла Ірына Мельнікава з фермы «Коўзаны». У снежні яе цяляткі прыбывалі за суткі ў сярэднім на 759 грамаў. Другое месца прысуджана Аляксандру Жураву з «Навасёлак», трэцяе — Наталлі Татарэнцы («Лучай»).
Пра дыпломы і падарункі для прызёраў спаборніцтва паклапаціўся райкам БРСМ. Першы сакратар маладзёжнага саюза таксама ўручыла білеты і значкі новым членам суполкі. Падарункі падчас сустрэчы прымала і загадчыца МТФ «Навасёлкі» Вікторыя Вартазаран, у якой якраз быў дзень нараджэння. Ад імя гаспадаркі яе павіншаваў Славамір Шапель.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара