Духмяны водар свежых булачак прыцягвае пакупнікоў у магазіне «Родны кут» па вуліцы Савецкай у Паставах.
Два тыдні таму тут адкрыўся міні-цэх па іх выпечцы. Здоба ў краме прадавалася і раней, але яна завозілася з цэнтральнага кандытарскага цэха, які размяшчаецца на хлебазаводзе, і, зразумела, не заўсёды трапляла ў гандлёвую кропку прама з печы. Цяпер — менавіта так. Прычым выпякаюцца булачкі з ранку да вечара, таму ў любы час іх можна купіць найсвяжэйшымі.

— Калі на першым часе ў «Родным куце» штодня выпякалі і прадавалі да 100 булачак, то зараз — больш за 300 дваццаці відаў, — расказвала начальнік аддзела грамадскага харчавання Пастаўскага філіяла аблспажыўсаюза Крысціна Красоўская. — Начынка разнастайная: усемагчымыя джэмы, карыца, ананасы, яблыкі, бананы, вішня і многае іншае. Выпякаем і круасаны, а таксама раліні са шпінатам, курыным мясам, агароднінай.
У бліжэйшых планах работы новага цэха — расшырэнне асартыменту выпечкі і правядзенне ў «Родным куце» дэгустацыі яго прадукцыі. Запэўніваю: адмовіцца ад такой смакаты, як свежыя духмяныя булачкі, немагчыма. Праверана на сабе. Пацверджана іншымі пакупнікамі.
Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава