Хвілінай маўчання, збройным залпам і кветкамі
У мінулую пятніцу каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам у скверы па вуліцы Гагарына ў Паставах прайшоў мітынг, прысвечаны 31-й гадавіне вываду савецкіх войск з Афганістана.
На яго сабраліся прадстаўнікі раённай улады, ваеннага камісарыята, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь», БРСМ, члены працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, ветэраны Узброеных Сіл, навучэнцы школ і каледжа. Галоўныя героі ўрачыстасці — былыя салдаты, прапаршчыкі, афіцэры, лёс якіх звязаны з Афганістанам і іншымі гарачымі кропкамі планеты — з чырвонымі гваздзікамі ў руках стаялі групкамі. У лёсе кожнага вайна пакінула свой адбітак, і ў гэты дзень яны ўзгадвалі баявых таварышаў, з кім дзялілі паёк, тыя цяжкія ўмовы, у якіх выжывалі, загінулых сяброў. Каля ветэранаў спыняліся маладыя ваеннаслужачыя: ім было цікава паслухаць успаміны.

Ветэраны афганскай вайны Валерый Клімчэня, Юрый Каравацкі і Аляксандр Рамановіч выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у розных кропках і ў розны час, але перажытае пакінула аднолькавы боль у іх сэрцах. І больш чым праз 30 гадоў яны адкрыта гавораць пра мужнасць савецкіх воінаў, заклікаюць маладое пакаленне пільна стаяць на варце рубяжоў нашай краіны.

Мікалай Маціеўскі, які разам з іншымі выконваў свой воінскі абавязак у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Афганістане, быў сведкам і ўдзельнікам тых трагічных падзей. Звяртаючыся да прысутных, ён гаварыў:
— 31 год назад 15 лютага апошні савецкі салдат пакінуў Афганістан. Для нас, ветэранаў-«афганцаў», гэта святы дзень. Жудасная вайна доўжылася 9 гадоў, 1 месяц і 18 дзён. У ёй загінула больш за 15 тысяч чалавек, амаль 800 з іх — ураджэнцы Беларусі. У неймаверна цяжкіх умовах, на чужой зямлі, удалечыні ад дому, пастаянна падвяргаючыся смяротнай небяспецы, нашы воіны захавалі вернасць ваеннай прысязе і чалавечаму абавязку, прымножылі слаўныя традыцыі нашай арміі, умацавалі баявое братэрства. Мы ўмеем цаніць спакой і мірнае неба над Беларуссю.
А Міхаіла Лапко, Аляксандра Урбеля, Радзівона Мішуту і Сяргея Галяка дадому даставіў «чорны цюльпан». 15 лютага іх магілы разам з роднымі наведалі прадстаўнікі ваенкамата Віктар Баравік і Андрэй Малевіч, раённай ветэранскай арганізацыі — Уладзімір Маркаў і Юрый Копасаў. Усклалі вянкі ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, кветкі. Памяць пра ўсіх, хто аддаў сваё жыццё на афганскай зямлі, на мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання. Да помніка ляглі вянкі і жывыя чырвоныя гваздзікі. Прагучаў трохразовы збройны салют.

Урачыстасць прадоўжылася ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча. Да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто.
— Сёння мы сабраліся, каб аддаць даніну павагі воінам-інтэрнацыяналістам, якім выпала выпрабаванне ў мірны для нашай краіны час зведаць, што такое вайна, — гаварыў Пётр Леанідавіч. — Вы справіліся з пастаўленымі задачамі, годна выканалі свой воінскі абавязак, засталіся вернымі прысязе і Радзіме. Мужчынская дружба і баявое братэрства, якія дапамагалі многім на полі бою, згуртоўваюць вас і зараз. Кожны воін-«афганец» можа ганарыцца сваім мінулым. Вельмі добра, што многія з вас актыўныя і зараз, прапагандуюць патрыятызм, удзельнічаюць у выхаванні моладзі.
Пётр Курто ўручыў старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерыю Лушчыку сцяг арганізацыі. Валерый Антонавіч у сваю чаргу шчыра падзякаваў віноўнікам урачыстасці за актыўную грамадзянскую пазіцыю, выказаў надзею, што яны і ў далейшым будуць памочнікамі ва ўвасабленні ў жыццё галоўных каштоўнасцей, пажадаў усім мірнага неба, шчасця, дабрабыту.
Затым гледачоў парадавалі канцэртнымі нумарамі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара