«Занимаюсь любимым делом!» Фотограф Алексей Яцыно сохраняет счастливые мгновения жизни поставчан

Важное Общество

Дапамагае захаваць шчаслівыя імгненні

На гэтым рамантычным здымку — сям’я Курціных з Пастаў. Аляксандра працуе ў Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А.  Тызенгаўза, Аляксей — у РЭС. Іх гісторыя кахання пачалася ў 2018 годзе. Летась пажаніліся.

У сямейным альбоме маладой сям’і шмат нешаблонных фатаграфій, ад якіх вее пяшчотай, цеплынёй сапраўдных, не штучных, пачуццяў. Зрабіў іх пастаўчанін Аляксей Яцына, якому пара даверыла і здымкі вяселля, і фотасесію love story.

На старонках Аляксея ў сацыяльных сетках можна ўбачыць шмат іншых фатаграфій. На іх — як дзеці, так і дарослыя. Усе здымкі аднолькава захапляюць сваёй прыгажосцю і эмацыянальнасцю.

— Займацца фатаграфіяй я марыў з дзяцінства, — прызнаўся Аляксей Яцына, які працуе ратаўніком у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. — Але рос у шмат­дзетнай сям’і — нас у бацькоў сямёра, — і купіць добры фотаапарат не было магчымасці. Калі пачаў працаваць, стаў збіраць грошы на фотатэхніку. Мара ажыццявілася ў маі 2018 года. З таго часу сур’ёзна займаюся любімай справай. Фатаграфую родных, сяброў, іх дзяцей. З дзясятак разоў здымаў вяселлі. Гэта складана, адказна, але і неверагодна цікава. Калі бачыш закаханых лю­дзей, у якіх кожны позірк і рух напоўнены каханнем і пяшчотай, і сам зараджаешся светлымі пачуццямі.

Фатаграфаваць — гэта не проста націскаць на кнопку. Трэба загадзя выбраць месца здымак, стварыць адпаведны антураж, прадумаць арыгінальныя сюжэты будучых кадраў, умець якасна іх апрацаваць.

— Ці будуць на фатаграфіях шчырыя эмоцыі, у многім залежыць ад людзей, якіх здымаю: іх тэмпераменту, настрою, разняволенасці, — працягваў Аляксей. — Але вялікую ролю адыгрывае і майстэрства фатографа. Яму трэба быць выдатным псіхолагам — умець раскрыць чалавека, выклікаць яго прыхільнасць да сябе. І я гэтаму паступова вучуся. Як і многаму іншаму. Напрыклад, восенню ездзіў на майстар-клас вядомага маскоўскага фотамайстра, планую наведаць іншыя. Вельмі ўдзячны пастаўскім фатографам Рыце Шылей, Каці Паўлавай, якія мяне, як малодшага брата, падтрымліваюць, дзеляцца сваімі прафесійнымі сакрэтамі.

Наперадзе сонечныя вясеннія дні. Людзі яшчэ часцей будуць звяртацца па паслугі фатографаў — тых, каму пад сілу спыніць час і дапамагчы захаваць у памяці самыя шчаслівыя імгненні…

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.