«Поле — мой рабочий кабинет!» Работа в сельском хозяйстве для Елены Костюк стала случайной

Общество

Елена Прекрасная — так называюць між сабой многія работнікі ААТ «Навасёлкі-Лучай» вядучага агранома Алену Касцюк.

Праца ў сельскай гаспадарцы для яе стала выпадковасцю. Нарадзілася ў Паўладары (Казахстан), куды яе бацька-беларус у свой час прыехаў асвойваць цалінныя землі. Там ажаніўся, з’явіліся на свет тры дзяўчынкі. Але яго цягнула на радзіму. У пачатку 80-х бацькаў брат Мар’ян Дэмбоўскі ўзначальваў саўгас «Старадворскі» і запрасіў туды на працу.

— Змена месца жыхарства для мяне, 10-гадовай дзяўчынкі, стала сапраўдным стрэсам, — успамінала Алена. — Да гэтага жылі ў горадзе, у добраўпарадкаванай кватэры, я хадзіла ў прэстыжную школу. І раптам — вясковы ўклад жыцця. Два кіламетры да Старадворскай школы, якая зімой ацяплялася звычайнымі печкамі, прадметы выкладаліся на беларускай мове, а я яе зусім не ведала. Паўладар мне сніўся ледзь не кожную ноч. Пакрыху адаптавалася. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Варапаеўскай школе. Затым паступіла ў Полацкае швейнае вучылішча. Але па спецыяльнасці не працавала ні дня, бо к таму часу разваліўся Савецкі Саюз, пазакрываліся многія швейныя цэхі.

Бацька Алены загадваў у саўгасе падсобным цэхам па выпуску пластмасавых вырабаў, фурнітуры для адной з мінскіх мэблевых фабрык. Гэты цэх і стаў першым месцам работы дачкі. Затым працавала дыспетчарам, на складзе. Паступова душой прыкіпела да вёскі. Паступіла ў Лужаснянскі каледж, атрымала прафесію агранома. 10 гадоў таму ёй прапанавалі пасаду агранома-аграхіміка ў ААТ «Навасёлкі-Лучай».

— Мне вельмі пашанцавала, што маім настаўнікам была вопытны аграном, цудоўная жанчына Вера Васільеўна Мукель, — расказвала Алена. — На той час я ўжо вучылася ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Займацца стала значна цікавей: многае ведала з практыкі. Работа няпростая, а для мяне — дык крыху і рамантычная. Вельмі люблю поле, гэта ж мой рабочы кабінет. Люблю назіраць, як у добра апрацаваную глебу загортваецца насенне. Цешуся, калі бачу дружныя зялёныя ўсходы, густую канюшыну, жоўтае поле з рапсам. А найбольшае задавальненне атрымліваю, калі ніва радуе высокім ураджаем падчас жніва. На жаль, не ўсё залежыць ад хлебаробаў. У апошнія гады «падножкі» часта падстаўляе надвор’е. Было і такое, што вясной «Кіраўцам» цягалі сеялку, падчас уборачнай даводзілася буксіраваць камбайны. Сіл прыдае старанне людзей. Ёсць маладыя кадры. Яны імкнуцца раўняцца на вопытных. А кіраўніцтва глядзіць далёка на перспектыву, таму і гаспадарка паспяховая.

Гады два таму Алена закончыла Вышэйшую школу аграбізнесу пры сельгасакадэміі па спецыяльнасці «Кіраванне вытворчасцю». Была магчымасць уладкавацца ў горадзе, але ёй больш даспадобы вясковая прастора. У Старым Двары мае вялікі дом з выгодамі, вакол — кветнікі, ёсць агарод. Галоўны памочнік Алены — малодшы сын чацвёртакласнік Мацвей. Старэйшы, Віталій, жыве ў Мінску. Любяць прыяз­джаць сюды сёстры. На жаль, летам у агранома няма часу прымаць гасцей. Затое на Новы год чакае іх з радасцю.

— Побач са мной самыя дарагія людзі: бацькі, сыны, сёстры і іх сем’і, — гаварыла Алена. — Гэта так здорава — мець вялікую і дружную радню, надзейных калег, верных сяброў! З такім моцным тылам пад сілу любая справа.

Анна Анішкевіч
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.