Незаменныя памочнікі
Усе мы прывыклі да камфортнага жыцця. А забяспечваць яго — справа камунальнай службы. Многія яе паслугі (уборка вуліц, расчыстка дарог ад снегу) немагчыма ўявіць без эфектыўнага парка спецыялізаванай тэхнікі.
На балансе УП ЖКГ — 48 аўтамабіляў і 28 трактароў. Кіруе транспартным участкам Валянцін Піліпёнак. Напярэдадні прафесійнага свята за добрасумленную шматгадовую працу ён узнагароджаны знакам «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі». Яго стаж работы ў гэтай сферы — 26 гадоў. Пачынаў механікам. Зарэкамендаваў сябе кампетэнтным спецыялістам і быў пераведзены на пасаду начальніка.
— Нярэдка параўноўваю першыя гады работы і сучасныя, — гаварыў Валянцін Адамавіч. — Цяпер рэгулярна абнаўляецца машынна-трактарны парк. Летась, напрыклад, набылі смеццявоз і асенізацыйную машыну, якія задзейнічаны на вапараеўскім участку. Склаўся стабільны калектыў вадзіцеляў, механізатараў. Большасць з іх — адказныя, працавітыя, любяць і берагуць тэхніку.

Мае права на заслужаны адпачынак машыніст 30-метровай аўтавышкі Андрэй Талайка. Ён высакакласны спецыяліст. Гэту машыну выкарыстоўваюць пры рамонце дахаў, абрэзцы дрэў і іншых работах на вышыні. На ніжэйшай аўтавышцы працуе Аляксандр Налей.
Сёлетняя зіма выдалася без снегападаў. А ў мінулыя гады на расчыстку дарог выходзіла спецыялізаваная тэхніка, тратуары расчышчалі два трактары з навясным абсталяваннем. У галалёд курсіравалі пескараскідвальныя машыны. Затое гэтым часам хапае клопатаў Віктару Скур’яту, які кіруе падмятальнай машынай. Вялікі аб’ём работ не толькі ў горадзе, але і ў раёне выконваюць вадзіцелі смеццявозаў (населеныя пункты аб’язджаюць згодна з зацверджаным графікам).
Для патрэб кацельняў, якія працуюць на мясцовых відах паліва, камунальнікі самі нарыхтоўваюць дровы. Фарвардарам прафесійна маніпуліруе Іван Скіба, лесавозамі — Аляксандр Быстроў і Аляксандр Чугаеў.
За мінулы год пабочным заказчыкам аказана паслуг на 591,6 тыс. руб., насельніцтву раёна – на 76,5 тыс. руб.
У ліку вопытных вадзіцеляў — Юрый Кіш. Са станоўчага боку начальнік транспартнага аддзела адзначыў машыніста пагрузчыка Андрэя Дунца і маладога вадзіцеля Мікалая Галатыльца.
Ёсць усё неабходнае для ямачнага рамонту вуліц, спецтэхніка знаходзіцца ў пастаяннай гатоўнасці. На транспартным участку ёсць рамонтныя майстэрні, шына-мантажны цэх. Паслугі аўтаэлектрыка і акумулятаршчыка аказвае Сяргей Іваноў, газаэлектразваршчыка — Аляксандр Сіповіч, токара — Уладзімір Рапінскі.
Стабільная работа транспартнага ўчастка ў вялікай ступені залежыць ад умелага кіраўніка. Валянцін Адамавіч валодае выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, ініцыятыўны, карыстаецца аўтарытэтам і павагай сярод падначаленых, добразычлівы, тактоўны, ураўнаважаны. Нездарма некалькі гадоў таму Валянцін Піліпёнак быў удастоены высокага звання «Чалавек года Віцебшчыны».
Камунальная служба для Піліпёнкаў у свой час была сямейнай справай. Шмат гадоў адпрацавала дыспетчарам жонка Валянціна Адамавіча — Вольга (сёлета пайшла на пенсію), бухгалтарам — дачка Люба (выйшла замуж і паехала ў Віцебск), механікам і спецыялістам па закупках працуе сын Сяргей.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара