Гараць лясы і палі
З прыходам вясны многія грамадзяне пачынаюць актыўна наводзіць парадак на сваіх прысядзібных участках, сельскагаспадарчых палях, землях агульнага карыстання. Некаторыя, займаючыся добраўпарадкаваннем, спальваюць смецце і сухую траву. Пры гэтым часта забываюць пра выкананне неабходных патрабаванняў пажарнай бяспекі і тым самым правакуюць пажары ў прыродных экасістэмах. А яны, акрамя знішчэння лясоў і тарфянікаў, нясуць рэальную пагрозу населеным пунктам, жыццю і здароўю людзей.
Па даных на 25 сакавіка, на тэрыторыі Віцебскай вобласці зарэгістраваны адзін лясны пажар і 26 загаранняў лясоў і кустарнікаў. Лясны пажар адбыўся на Пастаўшчыне. 23 сакавіка ў раёне вёскі Ліпнікі агнём былі ахоплены елкі на плошчы 2 гектары. Хутчэй за ўсё, прычынай стаў падпал. Гэта асноўная версія, якую зараз разглядаюць супрацоўнікі райаддзела міліцыі, праводзячы праверку па названым факце. Справіцца з надзвычайным здарэннем змаглі ўласнымі сіламі работнікі лясгаса.
Днём раней побач з вёскай Захараўшчына Юнькаўскага сельсавета гарэла 0,5 гектара сухой травы. І зноў прычынай узгарання стала неасцярожнае абыходжанне чалавека з агнём: нехта, наводзячы парадак на могілках, паліў смецце. У выніку агонь перакінуўся на поле. Патушылі яго работнікі РАНС з дапамогай двух мясцовых жыхароў. Ратаўнікі ў чарговы раз нагадваюць усім: выпальванне сухой расліннасці, непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на зямельных участках караецца законам (штраф у памеры ад 10 да 40 базавых велічынь).
Алена Шапавалава