Каб выключыць пагрозу жыццю і здароўю
Двойчы ў год міжведамасныя рабочыя групы, створаныя пры райвыканкаме, манітораць усе будпляцоўкі Пастаўшчыны. Увага — бяспечным умовам працы. У адным з рэйдаў пабываў і карэспандэнт «ПК».
У той дзень начальнік раённай энергагазінспекцыі Аляксандр Саковіч, прадстаўнікі РАНС Віталій Ожаль і Аляксандр Іршонак праінспектавалі 4 аб’екты. Гэта будпляцоўкі, на якіх узводзяцца 40-кватэрны жылы дом і дзіцячы садок па вуліцы Зялёнай у райцэнтры, малочнатаварны комплекс у вёсцы Волахі (генпадрадчык — ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі») і магазін «Санта Ритэйл» у 6 гарадку (ТАА «Метал»). Праграма ўсюды аднолькавая: расказаць пра прычыны няшчасных выпадкаў на вытворчасці і ў быце, папярэдзіць пра наступствы бяспечных паводзін.
На вытворчых пляцоўках пажарныя праверылі ўсе мабільныя і рухомыя будынкі і збудаванні, цеплагенерыруючыя агрэгаты і прылады, наяўнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння. Пацікавіліся, ці аснашчаны вагоны-бытоўкі аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. Нагадалі адзіны нумар службы выратавання, раздалі памяткі пра пажарную бяспеку і прапанавалі ўвазе будаўнікоў тэматычны відэафільм.
Начальнік энергагазінспекцыі ў сваю чаргу звяртаў увагу на правільнае падключэнне электрычнасці.
— Будпляцоўкі — аб’екты павышанай небяспекі. А калі на іх парушаюцца разнастайныя нормы і правілы, то ўзнікае пагроза жыццю і здароўю людзей, — расказваў Аляксандр Саковіч. — Становішча ўскладняецца яшчэ і тым, што ў тэрміны будаўніцтва не ўключаецца час на мантаж дадатковых электраўстановак і іх выпрабаванне. Адсюль і спешка, выбар няякасных кабеляў, разетак і выключальнікаў, якія не адпавядаюць разлікам токаў кароткага замыкання і нагрузкі. А значыць, такія апараты не выконваюць сваю функцыю.
Часта будаўнікі робяць злучэнне не ў спецыяльнай каробцы, а скручваюць канцы дроту паміж сабой і абмотваюць іх ізаляцыйным матэрыялам. Нярэдка можна ўбачыць і адкрытыя токаводныя часткі. Між тым калі чалавек дакранецца да іх на адкрытым паветры, то паражэнне будзе імгненным (таму што ён стаіць на зямлі). Ёсць і іншыя тыповыя памылкі.
Па ўсіх выяўленых падчас рэйду недахопах складзены прадпісанні.
Вераніка Філановіч
Фота аўтара