«Серафимовна — прекрасная женщина». Ветеран труда Людмила Аврамчук отметила юбилейный день рождения

Общество

Умела ладзіць з людзьмі

У адзін з дзён разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксеем Філімонавым, старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі райветстанцыі Галінай Мацяёнак і намеснікам начальніка райветстанцыі па лабараторнай дыягностыцы Дар’яй Мурзёнак накіраваліся ў Хацілы да ветэрана працы Людмілы Серафімаўны Аўрамчук, каб павіншаваць яе з юбілейным днём нараджэння.

— Серафімаўна — цудоўная жанчына, — расказвалі мае спадарожнікі. — Доўгі час загадвала лабараторыяй ветэрынарна-санітарнай экспертызы. А тады шмат жывёлы на ўласных падвор’ях трымалі вяскоўцы, лішкі мяса прадавалі на рынку. У нядзелю, каб праверыць прадукцыю, чаргу займалі з 4 гадзін. Вельмі многа мяса рэалізоўвалі калгасы і саўгасы. Серафімаўна — прынцыповая, адказна выконвала свае абавязкі і ў той жа час умела ладзіць з людзьмі.

Імянінніца гасцям абрадавалася і расчулілася ад увагі, цёплых слоў. Эмоцыі крыху супакоілі ўспаміны. Яна марыла пра медыцыну. Разам з сяброўкай пасля васьмі класаў падалі дакументы ў медыцынскае вучылішча. А калі тая дзяўчына не прайшла па конкурсе, і Людміла адмовілася ад вучобы. Старшыня мясцовай гаспадаркі ўгаварыў пасту­паць у Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Закончыла яго з адзнакай і стала студэнткай Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Тут сустрэла сваё каханне. Пётр — самы прыгожы хлопец на курсе, не закахацца ў яго было немагчыма. Пажаніліся, нарадзілася дачушка Лена. Каб закончыць вучобу, вымушаны былі папрасіць маму Люды, каб занялася выхаваннем дзіцяці. Па размеркаванні трапілі на Лагойшчыну. Нарадзілася другая дачушка, Оля. А брат Люды ў той час працаваў у ветстанцыі ў Паставах і ўгаворваў перабрацца бліжэй да Мядзельшчыны, адкуль яны родам.

Аўрамчукі папрасіліся ў былы калгас імя Мічурына (ААТ «Хацілы-агра»). Пётр Паўлавіч уладкаваўся на пасаду ветурача, а Людміла Серафімаўна — у раённую лабараторыю ветсанэкспертызы. Праз пэўны час узначаліла яе. Асноўная задача загадчыцы і лабаранта — правесці санітарна-ветэрынарную экспертызу мяса, малака, іншых харчовых прадуктаў, якія прывозілі на рынак для рэалізацыі.

— Работу любіла, — ус­памінала імянінніца. — Хоць нагрузка была вялікая, спраўлялася. Складана стала падчас перабудовы. Толькі ўладальнікі падсобных гаспадарак у нядзелю прывозілі на рынак да 100 туш свіней, цялят, авечак. Кожную трэба было даследаваць.

Людмілу Серафімаўну клі­енты любілі: тактоўная, ветлівая, кампетэнтная. Кіраўніцтва ветстанцыі таксама яе цаніла. І цяпер жанчына падтрымлівае цёплыя адносіны з калегамі, рада сустрэчы з былымі кліентамі, а яны рады сустрэчы з ёй.

— Прыемна, што мяне памятаюць, — не стрымлівала радасці Серафімаўна. — Такая ўвага падаўжае гады, прыдае аптымізму. Удзячная лёсу за кожны дзень свайго жыцця, за мужа, дачок, зяцёў, трох унучак і ўнука. Чакаем вясны: будзем корпацца ў агародзе, кветніках. Пасля 65-ці сябе не вельмі нагружаем. А ў маладосці гаспадарку трымалі вялікую: і карова была, і свінні. Адпрацавалі сваё. Дзеці забяспечаныя, і нам наказваюць жыць у сваё задавальненне.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.