Цэлы стос дыпломаў прывезлі з музычных конкурсаў у Наваполацку і Мінску навучэнцы Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза.
14 сакавіка ў Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы праходзіў фестываль-конкурс фартэпіяннай музыкі «Натхненне», які з’яўляецца аналагам нашага адкрытага раённага конкурсу юных піяністаў «Вясеннія ноткі» і збірае таленавітых выканаўцаў з усяго рэгіёна. Разам з навучэнцамі дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў з Наваполацка і Полацка ўдзел у ім прымалі 35 прадстаўнікоў Шаркаўшчынскага, Докшыцкага, Ушацкага, Пастаўскага, Глыбоцкага, Браслаўскага, Лепельскага і Шумілінскага раёнаў.

Пастаўшчыну на конкурсе прадстаўлялі 9 выхаванцаў гарадской і 3 — варапаеўскай школ мастацтваў. Не ўсе яны выступілі аднолькава паспяхова, тым не менш вынік радуе: на рахунку нашых землякоў 6 дыпломаў. Іх заваявалі: Віталія Гіль (1-е месца, настаўнік — Карына Мейшутовіч), Дар’я Гатоўчык і Ганна Колесень (2-я месцы, настаўнік — Вольга Іванова), Варвара Таміліна, Дар’я Грэська і Аліна Русак (3-я месцы, настаўнікі — Наталля Хромава, Жанна Гучык і Наталля Пылева).
15 сакавіка Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі праводзіла І Рэспубліканскі фестываль-конкурс юных выканаўцаў на народных інструментах. На яго адправіліся двое вучняў Галіны Барысюк — цымбалісты Дар’я Гучык і Гардзей Кірплюк. У выніку Даша заняла 1-е, а Гардзей — 3-е месцы.
Алена Шапавалава
Фота са старонкi Галiны Барысюк у Аднакласнiках