Учитель географии Поставской гимназии Игорь Прокопович получил Гран-при за краеведческую деятельность

Образование

Гран-пры за краязнаўчую дзейнасць атрымаў у рэспубліканскім конкурсе настаўнік геаграфіі Пастаўскай гімназіі Ігар Пракаповіч.

У сярэдзіне сакавіка ў Мінску прайшоў І Рэспубліканскі краязнаўчы форум, арганізаваны Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і грамадскім аб’яднаннем «Беларускі фонд культуры». Прысвячаўся ён Году малой радзімы і сабраў у залах гістарычнага музея амаль 250 экспертаў, якія займаюцца вывучэннем роднага краю, з усіх куткоў Беларусі. Яны мелі магчымасць падзяліцца вопытам уласных даследаванняў і абмеркаваць перспектывы развіцця краязнаўства ў Беларусі.

Прыняць удзел у форуме збіраўся і наш зямляк Ігар Пракаповіч, які падрыхтаваў для выступлення на навуковай канферэнцыі два даклады пра сваю даследчыцкую і адукацыйную дзейнасць. Але трапіць у сталіцу не змог па аб’ектыўных прычынах. Прапусціў і цырымонію ўзнагароджання пераможцаў конкурсу на найлепшае краязнаўчае выданне 2017—2019 гадоў, якая адбылася ў рамках мерапрыемства.

На конкурс — а ў ім удзельнічала больш за 200 работ — Ігар Міхайлавіч падаваў дзве кнігі: «Край беларускага сэрца — Мядзельшчына» і «Даследчыкі роднага краю. Краязнаўчы рух на Пастаўшчыне». Першая ўяўляе сабой грунтоўнае, аб’ёмнае (656 старонак) каляровае выданне накшталт энцыклапедыі пра Мядзельскі раён. Другая — даведнік, у якім падаюцца агульны агляд краязнаўчага руху на Пастаўшчыне і падрабязныя звесткі пра ўсіх даследчыкаў нашага краю.

Пра тое, што яму прысуджана Гран-пры, Ігар Пракаповіч даведаўся ад арганізатараў форуму. А сталічныя журналісты, якія патэлефанавалі з просьбай даць інтэрв’ю, паведамілі яшчэ адну прыемную навіну: аўтар мае магчымасць выдаць наступную кнігу за дзяржаўны кошт. Такім рашэннем журы Ігар Міхайлавіч вельмі ўсцешаны: за плячыма 35 гадоў краязнаўчай дзейнасці, больш за 40 выдадзеных краязнаўчых кніг і брашур. Яшчэ некалькі чакаюць выхаду ў свет.

— У мяне цалкам падрыхтаваны да друку «Смак былых мястэчак» пра колішнія мястэчкі Пастаўшчыны і «Друцкія-Любецкія — пастаўская галіна славутага роду», — расказваў даследчык. — Патрабуюць дапрацоўкі і дапаўнення, бо напісаны даўнавата, рукапісы «Мядзел — сталіца Нарацкага краю» і «Паставы». У рабоце знаходзяцца праекты «Камары жылі ў бярлогах» (загадкі тапаніміі паўночна-заходняй Беларусі) і «Падарожжы па зямлі мядзельскай». Добра будзе, калі нешта з гэтага зацікавіць выдаўцоў.

Якая менавіта з пададзеных на конкурс кніг пастаўчаніна заваявала Гран-пры, я вырашыла высветліць у члена журы, старшыні Беларускага фонду культуры Тадэуша Стружэцкага. Вось што ён адказаў:

— Гран-пры Ігару Міхайлавічу мы прысу­дзілі ў сукупнасці за яго актыўную краязнаўчую дзейнасць, вялікі ўклад у гэту справу. Тут маецца на ўвазе і колькасць выдадзеных кніжак, і іх каштоўнасць. Мяркуем яшчэ раз запрасіць яго ў сталіцу, каб ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыць Ганаровую грамату Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і сертыфікат на права бясплатнага выхаду ў свет у адным з дзяржаўных выдавецтваў новай кнігі края­знаўчай тэматыкі.

Алена Шапавалава
Фота з архіва Ігара Пракаповіча



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.