В гостях у семьи Эммы и Алексея Крук — победителей Международного сельскохозяйственного конкурса «Мастера деревни»

Общество

Нават пасварыцца не паспяваем

Па спрыяльным для мяне збегу абставін я трапіла ў Дунілавічах да сям’і Крук у той рэдкі дзень, калі ўсе былі ў зборы. Аляксей толькі што прывёз з бальніцы жонку з малодшай дачушкай, у старэйшай закончыліся заняткі ў школе.

— Не пашанцавала нашай Сашачцы: захварэла на запаленне лёгкіх, — гаварыла Эма. — Два тыдні мы з ёй праляжалі ў бальніцы ў Паставах. На шчасце, зараз усё добра.

— Я паправілася! Паправілася! — нібыта мячык скакала па пакоі малая і прасіла: — Мамачка! Хадзем гуляць на вуліцу! Там такое сонейка!

Аднак сонейка было яшчэ халоднае — лютаўскае. І Эма не рашылася адпусціць дачушак на вуліцу.

— Бачылі б вы, што ў нас робіцца ў двары летам! — расказвала. — З усёй вуліцы збіраюцца дзеці і забаўляюцца ў пясочніцы, на батуце, арэ­лях. Усе ў нас на вачах, і мы ведаем, што ніякая небяспека ім не пагражае.

Сям’я Крук з Дунілавіч. Радасна, калі ўсе ў зборы

Сяброў у Дашы і Сашы шмат. Розніца ва ўзросце ў дзяўчынак — 4 гады, а дні нараджэння побач: 8 і 10 ліпеня. Святкуюць іх разам і вельмі весела.

— Але чаму вы зацікавіліся менавіта нашай сям’ёй? — шчыра здзіўлялася Эма.

— Дык вы ж напрыканцы мінулага года перамаглі ў Міжнародным сельскагаспадарчым конкурсе «Майстры вёскі». Вось і вырашыла паглядзець, як жывуць пераможцы.

— Конкурс праходзіў у Дунілавічах. У ім удзельнічалі сем’і не толькі з нашага раёна, але і з суседніх з Літвы і Латвіі, — узгадваў нядаўнюю падзею Аляксей. — Было шмат хваляванняў, аднак у нас усё атрымалася. Радасна, што перамаглі.

Эма і Лёша пазнаёміліся на вясковых танцах незадоўга да яго адыходу на тэрміновую службу ў армію і пакахалі адно аднаго. Перазвоньваліся, з нецярпеннем чакалі, калі змогуць быць разам. Калі Аляксей дэмабілізаваўся, знялі ў Паставах кватэру. Ён працаваў на льнозаводзе, яна — у магазіне «Азёрны». Закончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Двух гадоў грамадзянскага шлюбу хапіла, каб канчаткова пераканацца ў сваіх пачуццях і зарэгістраваць яго. Згулялі вяселле. Кіраўніцтва СП «Дунілавічы-агра» выдзеліла маладой сям’і дом. Эма працавала галоўным бухгалтарам гаспадаркі, Аляксей — на машыне, трактары, камбайне. Заўсёды быў у перадавіках. Але чатыры гады назад уладкаваўся вадзіцелем-міжнароднікам. Такое рашэнне прынялі сумесна з жонкай і не з лёгкай душой, разумеючы, якая гэта адказная і небяспечная работа, да таго ж у пастаянным адрыве ад дома. Але ім хочацца жыць з большым дастаткам, а зарплаты ў гаспадарцы невысокія.

— Як жа спраўляецеся без мужа з двума малымі? — спытала ў маладой жанчыны.

— Многа значыць, што сама ваджу машыну. Раніцай адвожу дачушак у садок і школу і сама паспяваю на работу (зараз Эма працуе брыгадзірам на свінакомплексе — аўт.). Гэтак жа сама спраўляюся і вечарам, — расказвала Эма. — У выхадныя ездзім да маёй мамы ў Сяргеевічы і да Лёшавых баць­коў у Докшыцкі раён. Пры патрэбе пакідаю ў іх малых, якіх яны вельмі любяць.

Ля дома Крукоў кожнае лета шмат кветак, на градках буяе агародніна. Усё патрабуе догляду, таму гаспадыні хапае клопатаў. А яшчэ яна любіць збіраць грыбы і ягады, нават здае на нарыхтоўчы пункт. Не гаворачы ўжо пра тое, што назапашвае на зіму шмат садавіны, агародніны, лясных дароў.

Безумоўна, калі Аляксей знаходзіцца ў рэйсе, яны сумуюць адно па адным. Затое якая радасць, калі прыязджае дадому! Абавязкова з падарункамі жонцы і дачушкам. Вось і на 8 Сакавіка яму ўдалося «прывезці» свята сваім дзяўчынкам.

— У нас толькі сустрэчы і расставанні, — уздыхала Эма, расказваючы пра сямейнае жыццё (тым не менш яе вочы выпраменьвалі радасць), і жартавала: — Нават пасварыцца не паспяваем.

Ды і з-за чаго ім сварыцца, калі кахаюць і даражаць сям’ёй?

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.