В Новоселках открыли мемориальную доску в честь Олега Адольфовича Володько (видео)

Главное Общество

Надзейны сын зямлі – яе сапраўдны гаспадар

У суботу на адміністрацыйным будынку ААТ «Навасёлкі-Лучай» адкрылі мемарыяльную дошку ў знак светлай памяці пра былога старшыню калгаса імя Суворава Алега Адольфавіча Валодзьку.

Падзею прымеркавалі да першай гадавіны яго смерці. На мітынг, прысвечаны гэтай жалобнай даце, сабраліся родныя Алега Адольфавіча, вяскоўцы, спецыялісты гаспадаркі. Прыехалі прадстаўнікі раённай улады і многія гараджане, якіх тым ці іншым чынам лёс звёў з гэтым неардынарным чалавекам.

— Алег Адольфавіч Валодзька — унікальная асоба і легендарная постаць найвышэйшай пробы, — гаварыла вядучая мітынгу настаўніца Навасёлкаўскай СШ Янія Анкудовіч. — Яго працоўны шлях пачаўся з кабіны трактара. У 21 год узначаліў адну з самых слабых гаспадарак раёна і, як лакаматыў, давёў яе да ўсесаюзнага п’едэстала. Заўсёды трымаўся доблесна, а дзейнічаў смела. Алег Адольфавіч пакінуў яркі след не толькі на роднай зямлі, але і ў сэрцах тых, з кім жыў, працаваў, сябраваў, каму дапамагаў.

Метраном адлічваў хвіліну маўчання, прысутныя застылі ў смутку, слёз не стрымлівалі нават мужчыны. Напэўна, у кожнага ў памяці ўсплывалі моманты сумесных гадоў работы з былым старшынёй гаспадаркі або проста выпадковых сустрэч, хвіліны ўласнага адчаю, калі сітуацыя здавалася тупіковай, але дзякуючы дапамозе Алега Валодзькі знайшлося выйсце.

— Мінуў год з дня смерці выдатнага кіраўніка, цудоўнага чалавека, для якога не было невырашальных задач, — гаварыў на мітынгу старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. — Колькі новага і перадавога па яго ініцыятыве было прывезена і ўкаранёна ў Навасёлках: першая ў Віцебскай вобласці даільная зала, замежная тэхніка, сучасная паліклініка з найноўшым медыцынскім абсталяваннем, дзіцячы сад з басейнам і іншае. Сюды ехалі розныя дэлегацыі, і не толькі па вопыт, але і каб проста пагутарыць са старшынёй, параіцца з ім. Ён быў надзейным сынам зямлі і сапраўдным яе гаспадаром. Што б ні рабіў — рабіў для дабрабыту людзей, імкнуўся ім дапамагаць. Дзверы яго кабінета, дома, ды і сэрца, былі заўсёды адкрыты для іншых. Памятаць пра гэтага вялікага чалавека я абавязаны не толькі як кіраўнік раёна. За многае ўдзячны яму асабіста. Адкрыццё мемарыяльнай дошкі — гэта толькі першы крок па ўшанаванні памяці пра Алега Адольфавіча. Есць іншыя задумкі, якія з часам таксама будуць ажыццёўлены. Боль з прычыны страты гэтага чалавека не выказаць словамі. Ён быў і заўсёды будзе з намі.

Затым слова было дадзена дырэктару ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыю Шымчыку: «У той год, калі Алег Адольфавіч узначаліў калгас імя Суворава, я толькі нарадзіўся. А 30 гадоў таму прыехаў у Навасёлкі і быў уражаны ўмовамі працы, быту, адпачынку. І, вядома, самім старшынёй. Мне захацелася тут застацца. Я вучыўся ў Алега Адольфавіча метадам кіраўніцтва, а найперш адносінам да людзей. Ён прыхо­дзіў на дапамогу ўсім, хто да яго звяртаўся нават з нязначнай просьбай. Таму так дружна сёння ўсе сабраліся тут, каб ушанаваць памяць пра гэтага неардынарнага, шчодрага, мудрага чалавека найдабрэйшай душы».

Дасягненні Алега Валодзькі высока ацаніла дзяржава: ён кавалер двух ордэнаў Леніна, ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дружбы народаў, шматлікіх медалёў і ганаровых грамат. Удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі.

Смерць чалавека такой велі­чыні — страта для грамадства і непамернае гора для жонкі, да­чок, унукаў, для якіх ён быў на­дзейнай апорай. Зяць Алега Валодзькі Васілій Сівіцкі падзякаваў прысутным на мітынгу, асабіста Сяргею Чэпіку і Юрыю Шымчыку за тое, што яны робяць усё для таго, каб памяць пра дарагога для сям’і чалавека перадавалася нашчадкам. Верш настаўніцы Сафіі Скабёлкінай, прысвечаны Алегу Адольфавічу, прачыталі вучні мясцовай школы.

Мемарыяльную дошку адкрылі Сяргей Чэпік і Юрый Шымчык. Барэльеф на ёй выканаў вядомы беларускі скульптар Аляксандр Фінскі, а саму дошку — пастаўскі прадпрымальнік Сяргей Попраўка.

Завяршыўся мітынг, і да дошкі ляглі кветкі ад калег, сяброў, вяскоўцаў. Гэту пашану Алег Валодзька заслужыў не толькі працоўнымі дасягненнямі, высокімі ўзнагародамі, але і клопатам, чулымі адносінамі да людзей.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара

Видео Натальи Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.