В Поставах прошёл праздничный концерт к 8 марта (+фото, видео)

Главное Культура

Для мілых, любімых, пяшчотных

Шостага сакавіка глядзельная зала раённага Дома культуры па вуліцы Станкевіча як па чараўніцтве азарылася прыгажосцю і абаяннем пастаўчанак: у іх гонар тут адбыўся святочны канцэрт, прымеркаваны да Дня жанчын.

На працягу ўсёй урачыстасці ў словах і ў выступленнях гучалі прызнанні ў любові жанчынам. Самыя шчырыя і цёплыя віншаванні з 8 Сакавіка жыхаркам раёна адрасаваў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Ён адзначыў, што гэта свята — даніна глыбокай павагі да жанчыны-маці, жанчыны-працаўніцы, захавальніцы сямейнага ачага. Яно сімвалізуе ўсё найлепшае ў нашым жыцці. Бо менавіта жанчына ўвасабляе дабрыню, любоў і міласэрнасць.

— Працавітыя, прыгожыя, пяшчотныя прадстаўніцы Пастаўшчыны ўмела і карпатліва ствараюць хатнюю ўтульнасць, аберагаюць мір і спакой у сваіх сем’ях, выхоўваюць дзяцей і ўнукаў, робяць гэты свет ярчэйшым, натхняюць на годныя ўчынкі, — гаварыў Юрый Кісялёў. — Неацэнная ваша роля ў развіцці сфер аховы здароўя, культуры, адукацыі, сацыяльнай абароны, дзяржаўнага кіравання. Вы дабрасумленна і паспяхова шчыруеце ў рэальным сектары эканомікі, бізнесе, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, з гонарам несяце службу ў сілавых структурах. Нам, мужчынам, няпроста быць вартымі вас. Аднак мы імкнёмся рабіць усё для таго, каб вы адчувалі наша надзейнае плячо і падтрымку.

Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва праслаўляюць нашу малую радзіму, удзельнічаюць і перамагаюць у абласных і рэспубліканскіх конкурсах і спаборніцтвах. Па выніках мінулага года лаўрэатамі абласнога конкурсу «Чалавек года Віцебшчыны» сталі дырэктар базавай школы №5, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Валянціна Ромель і аператар па штучным асемяненні жывёлы ААТ «Хацілы-агра» Ала Шваякова. Ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны» ўдастоены начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Людміла Шэцка, загадчык аддзялення гемадыялізу ЦРБ Вольга Касцень, першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Вераніка Казлоўская і прыёмшчык заказаў райбыткамбіната Марына Кавалёнак.

На кволых жаночых плячах кожны дзень ляжаць турботы. Але прыродныя мудрасць і цярпенне жанчын дапамагаюць выконваць найважнейшую місію — нараджэнне і выхаванне дзяцей, захаванне і ўмацаванне духоўных сямейных каштоўнасцей. Клопат пра жанчыну, падтрымка мацярынства, дзяцінства і сям’і з’яўляюцца прыярытэтнымі ў сацыяльнай палітыцы нашай дзяржавы. Асаблівая ўвага — мнагадзетным сем’ям. У нашым раёне пражывае 473 такія сям’і, 30 жанчын удастоены ордэна Маці. Сёлета гэту высокую ўзнагароду атрымала Марыя Іўліева. Летась 44 мнага­дзетныя сям’і палепшылі жыллёвыя ўмовы. Сваё цяпло, дабрыню і ласку некаторыя жанчыны дораць не толькі родным дзецям, але і тым, якіх бяручыць на выхаванне. Такія ўчынкі вартыя захаплення.

Асаблівыя словы падзякі гучалі ў адрас жанчын-ветэранаў, якія сілай духу і працоўным подзвігам вучаць нас быць сапраўднымі людзьмі і не схіляцца перад цяжкасцямі.

Юрый Мікалаевіч падзякаваў усім жанчынам за падораныя імі жыцці, каханне, увагу і клопат. Зычыў сем’ям жыхарак раёна любові, павагі, узаемаразумення, упэўненасці ў заўтрашнім дні, ажыццяўлення самых запаветных мар і каб кветкі, шчырыя ўсмешкі і кампліменты радавалі іх кожны дзень.

Прадоўжыла віншаванні канцэртная праграма. Прасякнутую любоўю «Вясеннюю паштоўку» жанчынам «уручыў» тэатр рук «Экспромт». Неверагоднае замілаванне ўсёй залы выклікала па-дзіцячаму шчырае выступленне выхаванцаў дзіцячага садка №1, шквал апладысментаў — грацыя і пластыка ўдзельнікаў студыі арыгінальнага жанру і ўзорнай цыркавой студыі «Каскад». Цудоўнай пастаноўкай і энергічнасцю вызначаліся нумары студыі сюжэтна-пастановачнага танца, танцавальнага калектыву «Карамелькі», Яны Крыстуціс і Дамінікі Борыс сумесна з танцавальным калектывам ДШМ імя А. Тызенгаўза, Арцёма Маргунова і «Карамелек». Прыгожымі галасамі парадавалі Арсеній Леўшын, Лізавета Загурская, Пётр Кароль, Ганна Казлоўская, Аляксандр Кандыбін, Валерыя Кірэй і Ганна Антух. Па-сапраўднаму пяшчотнымі, відовішчнымі і кранальнымі атрымаліся тэатралізаваныя пастаноўкі «Рамонкі» і «Вясёлыя кураняты» цыркавой падрыхтоўчай групы.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара

? Больше фото в наших группах в ВК и ОК (Газета «Пастаўскі край»)!

Видео Натальи Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.