В Поставском районе началась весенняя призывная кампания 2020-го года

Общество

У танкісты альбо ў радысты пойдзе служыць прызыўнік, вырашае прызыўная камісія.

На мінулым тыдні ў райваенкамаце адбылося яе першае пасяджэнне. На ім у адносінах да юнакоў, якія ўжо прайшлі медыцынскае асведчанне, выносіліся рашэнні аб прызыве на тэрміновую службу, дазволе адтэрміновак на адукацыю ці па стане здароўя і інш.

На час кожнай прызыўной кампаніі райвыканкам стварае камісію. Яе ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. У яе склад уваходзяць ваенны камісар раёна Мікалай Кулік, намеснік начальніка АУС райвыканкама Аляксандр Мядзелка, галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Чакавы і загадчык паліклінікі ЦРБ Міхаіл Петух. На выпадак адсутнасці старшыні альбо кагосьці з членаў камісіі прадугледжаны рэзервовы склад: намеснік старшыні райвыканкама Павел Станюш, намеснік ваеннага камісара Яўгеній Ванёнак, першы намеснік начальніка АУС райвыканкама Дзмітрый Куталёў, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Людміла Сямёнава і намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі ЦРБ Алег Дарафееў. Адпаведная інфармацыя размешчана на стэндзе ў райваенкамаце.

— Галоўны абавязак камісіі падчас прызыву на тэрміновую і службу ў рэзерве — арганіза­ваць медасведчанне прызыўнікоў, вывучыць іх маральна-дзелавыя якасці і вынесці па кожным рашэнне: ад прызыву на службу да выключэння з воінскага ўліку, — тлумачыў начальнік групы прызыву на ваенную службу Валерый Баравік. — Прычым у некаторых выпадках гэта можна зрабіць выключна па дакументах асабістай справы: напрыклад, даць дазвол на адтэрміноўку на працяг адукацыі. Для гэтага ў асабістай справе павінна быць даведка ўстаноўленага ўзору з указаннем формы навучання і тэрміну яго завяршэння.

А вось рашэнне накіраваць юнака на тэрміновую службу прызыўная камісія агучвае толькі ў яго прысутнасці. 20 сакавіка такія рэзалюцыі яна прыняла ў дачыненні да сямі жыхароў Пастаўшчыны, папярэдне заслухаўшы іх пажаданні служыць у тым ці іншым родзе войск. Аднак, зразумела, аднаго жадання мала: улічваецца стан здароўя, адукацыя, маральна-дзелавыя якасці, іншыя абставіны. Так, у бягучай кампаніі нарад на Пастаўскі райваенкамат на тэрміновую воінскую службу складае 37 чалавек. На службу ў рэзерве плана пакуль што няма. Таму Міхаіл Гайковіч і Яўгеній Лукашэвіч, якія маюць хадайніцтва з месца працы на службу ў рэзерве, адправяцца на тэрміновую ў пагранічную службу і ў 103-ю дэсантную брыгаду адпаведна. Але прызыўная камісія падкрэслівае: гэта першапачатковае прызначэнне, і яно можа быць зменена. Прынамсі, на гэта вельмі разлічвае Яўгеній. Яму хутка споўніцца 25, ён жанаты, таму разглядае варыянт калі не службы ў рэзерве, то па кантракце. Пра што і паведаміў членам камісіі.

Прызыўнік Уладзімір Бервячонак

— У вас дастаткова часу, каб паступіць на кантракт, — запэўніў Мікалай Кулік. — Зараз вызначайцеся з воінскай часцю і збірайце неабходныя дакументы. Міністэрства абароны Беларусі толькі вітае такую форму службы. Напрыклад, у апошнім прызыве на кантракт аформілася 11 чалавек.

У адрозненне ад Яўгенія Ула­дзімір Бервячонак марыў слу­жыць у 103-й брыгадзе. Тут школу жыцця праходзіў яго старэйшы брат, зараз служыць траюрадны. Хлопец, наслухаўшыся ад іх станоўчых водгукаў, марыў працягнуць сямейную традыцыю. Але пакуль што яго накіроўваюць у «вучэбку» ў Барысаве. Усё роўна надзеі прызыўнік не страчвае.

Хутчэй за ўсё, служыць у 103-ю адправяцца Яўгеній Халява і Андрэй Шымковіч. На ахове граніц чакаюць Уладзіслава Турлу, а ў аркестры войск супрацьпаветранай абароны — Дзмітрыя Касцюкевіча (па ім ёсць спецнарад, бо хлопец мае музычную адукацыю). А вось лёс Дзяніса Цвірко вызначаны канчаткова: часова непрыгодны. Такі вердыкт да наступнага прызыву вынесены таму, што юнак нядаўна перанёс лазерную карэкцыю зроку. Абскардзіць вынесеныя рашэнні юнакі маглі ў абласной прызыўной камісіі на працягу дзесяці дзён, але ніхто гэтага не зрабіў.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.