В Поставском районе стартовала посевная кампания

Важное Сельское хозяйство

Цёплае і сонечнае надвор’е, якое было на мінулым тыдні, прыспешыла хлебаробаў, і ў раёне стартавала пасяўная кампанія. Да яе прыступілі ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Янавіца-агра», «Камайскі-­агра», «Сцяг Перамогі-агра», «Хацілы-­агра», СП «Дунілавічы-­агра» і «Ляхаўшчына-агра», груздаўскае аддзяленне АБП «Рассвет Пастаўскі». Па стане на 31 сакавіка ў раёне засеяна 4,1% запланаванай плошчы.

Почырк прафесіянала

Едучы з Лучая ў Паставы, здалёк прыкмеціла пыл над полем: каля Мацуроў працаваў трактар з сеялкай. Як было не спыніцца і не пазнаёміцца з тым, хто на першых гектарах загортвае ў глебу насенне?

Начальнік коўзанскага аддзялення Славамір Ландышка здзівіўся: «Не пазнаяце почырка Татарчука? Паназірайце, як хутка і акуратна вядзе сяўбу. Прафесіянал! А як надзейна ўжо шмат гадоў яму служыць сеялка!»

Механізатар Юрый Татарчук

Трактар з 6-метровай сеялкай імкліва рухаўся з аднаго канца поля ў другі. Механізатар спыніўся і папярэдзіў: «На размову маю некалькі хвілін. У полі — першы дзень. Пакуль кайфую: надвор’е спрыяе, глеба падрыхтавана добра, таму і руплюся. Цёплая бясснежная зіма дазволіла выйсці ў поле раней, чым звычайна. Але наперадзе вялікі аб’ём работы. Трэба паспець, пакуль у глебе ёсць вільгаць. Час марнаваць нельга — зямля чакаць не будзе». Развітаўшыся са мной, праверыў сашнікі, насенняправоды і зноў уключыўся ў работу.

Гэта 50-гектарнае поле сёлета адведзена пад гарох, бялок якога карысны для свіней. Згодна з планам, яравую сяўбу ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» трэба правесці на 2 420 гектарах. У гаспадарцы дасканала падрыхтаваліся да адказнай кампаніі. Калі надвор’е не перашкодзіць, то з пасяўной справяцца ў аптымальныя тэрміны.

У новых умовах

Хлебаробы ААТ «Сцяг Перамогі-агра» сёлета веснавыя палявыя работы распачалі ў новых умовах — у складзе аграпрамысловага аб’яднання, якое ў лютым створана на базе Пастаўскага малочнага завода. У мінулы чацвер яны першымі ў раёне засеялі аўсом 5 гектараў. А ў суботу некалькі адзінак тэхнікі працавала ў полі каля Грыдзек. Механізатары спыніліся на абед, які ім даставіў выконваючы абавязкі дырэктара Аляксандр Фалевіч.

Абедаюць у полі Мікалай Карасік, Артурас Чапскас і ІгарТаргонскі

— Пакуль стравы заказваем у Пастаўскім філіяле Віцебскага аблспажыўсаюза, — расказваў ён. — У самы хуткі час пачне працаваць свая сталовая. У поле выйшлі два трактары нашага «брата» — ААТ «Кураполле-агра». Там глеба яшчэ вельмі пераўвільготненая, а на нашых палях хоць выбарачна, але можна ўжо сеяць. Пачалі з аўса. На трактары з сеялкай малочнага завода працуе Артурас Чапскас. Пазней уключацца ў работу Віктар Чыпко і Руслан Чарняўскі. Дзякуючы стварэнню аграпрамысловага аб’яднання вырашыліся многія надзённыя пытанні, найперш недахоп механізатарскіх кадраў і тэхнікі. Сваімі сіламі засеяць 1 050 гектараў зерневымі і зернебабовымі, 330 — кукурузай, 320 — рапсам, 100 — ільном было б не пад сілу. Цяпер жа ёсць надзея, што зробім усё без прамаруджання.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.